Аляксандр Казулін: Ірыну падштурхнула да апошняй рысы ўлада

Аляксандр Казулін мяркуе, што яго жонку Ірыну “падштурхнула да апошняй рысы ўлада”. Спачатку тым, што незаконна арыштавалі і асудзілі яго як кандыдата ў прэзідэнты ў 2006-м годзе.
“Аляксандр Лукашэнка добра ведаў, што яна ўжо тады была хворая”, - кажа Казулін. На яго думку, Ірына, застаўшыся без яго, “страціла на перажыванні сілы, якія былі патрэбны для барацьбы з хваробай”.

Апошняй кропляй, паводле Аляксандра Казуліна, быў “гандаль”, пра які Аляксандр Лукашэнка сказаў тыдзень таму ў Віцебску. Калі ўмовай вызвалення і сустрэчы з чалавекам, у якога рак чацвёртай стадыі, паставілі тэрміновы выезд абодвух за мяжу.

“Калі б я папрасіў тады мяне азалаціць, азалацілі б, толькі каб выштурхнуць з Беларусі”, - мяркуе Аляксандр Казулін. На гэтыя ўмовы Аляксандр і Ірына не пагадзіліся. Платай стала тое, што яны ўжо ніколі не пабачацца.

“У мяне ад гэтага разрываецца сэрца”, - кажа Казулін.

Радыё Свабода