Аляксандр Казулін: Не выпусціць мяне было немагчыма

Палітвязень Аляксандр Казулін уначы быў адпушчаны для ўдзелу ў пахаванні сваёй жонкі Ірыны. Улада вагалася, не жадаючы выпускаць палітыка з калоніі, і адступіла толькі пад ціскам міжнароднай супольнасці і галадоўкі, абвешчанай Казуліным, ягонымі дочкамі і паплечнікамі. Вось што сказаў Аляксандр Казулін у інтэрв’ю Еўрарадыё:

“Я думаю, што ўсе добра разумеюць, мяне не выпусціць было немагчыма. Бо і так ужо пяройдзены той Рубікон, за які нельга было пераходзіць”.

Казуліна адпусцілі на трое сутак. Учора а палове на дзевятую вечара яго выклікалі да начальніка калоніі і паведамілі пра гэтае рашэнне. Прапанавалі падпісаць паперу, у якой ён папярэджваўся пра крымінальную адказнасць, калі не прыбудзе ў пэўны тэрмін у калонію. У Мінск да ўласнай кватэры Аляксандра Казуліна прывёз на аўтамабілі начальнік калоніі Віталь Агнісцікаў.

Але ці ёсць надзея у Аляксандра Казуліна на поўнае вызваленне? Вось што ён мяркуе на гэты конт:

“Гэта не толькі пытанне Казуліна, гэта пытанне ўжо цывілізацыйнае, пытанне, ці ёсць хоць кропля такога святла ў цёмнай сутнасці спадара Лукашэнкі. Калі ёсць — то так, будзе вызваленне, калі не — значыць, не. Вы разумеце, я заўжды быў свабодным. І, знаходзячыся за кратамі, адчуваў сябе свабодным. Немалая колькасць людзей, якія знаходзяцца на волі, насамрэч з’яўляюцца рабамі. І якраз яны знаходзяцца за кратамі, за кратамі сваіх душ…

Таму, калі мяне не будуць вызваляць, я ўжо заявіў, што не падначальваюся гэтаму злачыннаму рэжыму і адразу аб’яўлю галадоўку. І альбо я буду на волі, альбо будуць ужо зусім іншыя пытанні…”


Грамадзянская паніхіда па Ірыне Казулінай пачнецца сёння ў Чырвоным касцёле а 20-й гадзіне. Пахаванне прызначанае на сераду.

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша ніва"