Аляксандр Лукашэнка паедзе на нефармальны саміт АДКБ у Кыргызтан

Кіраўнік Беларусі плануе прыбыць у Кыргызтан 30 ліпеня для ўдзелу ў нефармальным саміце АДКБ. Як інфармуе БелаПАН, на нефармальным саміце кіраўнікі краін самі вызначаюць парадак дня. Ёсць іфармацыя, што будуць разглядацца пытанні інфармацыйнай бяспекі АДКБ і стварэння моладзевага лагера на возеры Іссык-Куль. Як паведаміля амбасадар Кыргызтану ў Беларусі Ішанкуль Балджурава, фінансавы крызіс і праблемы тэрарызму таксама могуць стаць тэмамі размовы.

Не выключана, што падчас нефармальнага саміту прэзідэнты будуць абмяркоўваць дамову пра стварэнне калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ, якую не падпісала Беларусь. Нефармальны саміт не прадугледжвае падпісання ніякіх дакументаў.

Нагадаем, што стварэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ было галоўнай тэмай саміту ў Маскве 14 чэрвеня. Беларусь адмовілася ўдзельнічаць у ім з-за "малочнага канфлікту" з Расіяй.