Аляксандр Сапега дасць бясплатныя ўрокі “барабаннага біту”

Знакаміты бубнач Аляксандр Сапега разам з кампаніяй “Белінтэрмузыка” аб’яўляе набор у экспрэс-школу па навучанні ігры на ўдарнай устаноўцы. На працягу верасня раз на тыдзень у шоў-рум “Белінтэрмузыкі”, што знаходзіцца па вуліцы Аэрадромнай, 125, маэстра плануе праводзіць групавыя заняткі ў выглядзе семінару, падчас якіх пачынаючыя і прафесійныя бубначы пазнаёмяцца з асновамі груву, элементамі сола і т.д.

Па словах Аляксандра Сапегі, у групу ўвойдуць 15-20 чалавек, кожны з якіх зможа атрымаць патрэбныя яму веды. Аляксандр таксама не выключае магчымасці, што пры паспяховым першым досведзе, школа працягне свой эксперымент праз некалькі месяцаў.

Аляксандр Сапега: “Там будзе лекцыя з паказам нейкіх тэматычных рэчаў па тэхніцы, па гукавыманню і г.д. Потым я буду прасіць кожнага да ўстаноўкі і працаваць з ім па секунд 30-40. Тэма будзе на ўрок не адна, а дзве-тры. Там не трэба, каб было шмат людзей. Я думаю, што я набяру 15-20 чалавек. Калі будзе шмат жадаючых, дык давядзецца ўсё паўтарыць праз месяцы тры-чатыры”.

Цікава, што на ідэю стварэння падобнай экспрэс-школы Аляксандра Сапегу натхнілі дэбаты на форуме беларускіх бубначоў, якія абвінавацілі яго ў кепскім стаўленні да бубначоў-аматараў.

Аляксандр Сапега: “Я патлумачыў, што адзінае, што мне не падабаецца – не заўсёды сур’ёзнае стаўленне да справы, то бок тое, што яны не займаюцца. На мяне наляцелі: маўляў, што вы за ўсіх кажаце, насамрэч мы хацелі б займацца, але не ва ўсіх ёсць на гэта грошы. А я вазьмі ды і бракні: “Добра. Раз такая справа, дык я аб’яўляю адкрыццё школы і бясплатна даю ўрокі ў верасні”. Паглядзім, колькі запішацца”.

Аляксандр лічыць, што барабанная экспрэс-школа можа стаць дапаможнікам усім жадаючым узяць удзел у конкурсе бубначоў “Барабанны Біт”. Нагадаем, фестываль-конкурс “Барабанны Біт” традыцыйна праходзіць увосень у адной з вялікіх канцэртных залаў Мінска. Сёлета шосты па ліку фэст запланаваны на сярэдзіну кастрычніка. Адна частка яго будзе прысвечана творчасці бубнача Кірыла Шэвандо, другая – традыцыйным выступам аркестра Мінскай музычнай вучэльні пад кіраўніцтвам Аляксандра Ліпніцкага, гурта Apple Tea і іншых.

P.S.: Запісацца ў экспрэс-школу можна па тэлефонам:  +375-17-222-79-86; +375-17-222-79-87, і праз электронную пошту: [email protected]