АМАП "захапіў" брэсцкі спорткомплекс "Вікторыя"

У мінулую суботу ў комплексе праходзіў гандбольны матч міжнароднага турніру SEH-лігі паміж Брэсцкім гандбольным клубам імя Мяшкова і чарнагорскім "Лоўчэнам". Супрацоўнікі АМАПу заблакавалі ўсе ўваходы ў "Вікторыю" і пільна даглядалі тых, хто прыйшоў паглядзець матч. Даглядалі ў грубай форме ўсіх — заўзятараў, працаўнікоў комплексу і журналістаў, чарнагорскіх гандбалістаў і нават дзяцей. Гэтак, паведамляе тэлеканал "Белсат", байцы АМАПу прымусілі дзяўчынку гадоў сямі выкласці з заплечніка на стол цацкі.



На наступны дзень з дзясятак амапаўцаў зноў сустракаў наведнікаў "Вікторыі". У гэты час тут праходзілі гульні аматарскага міні-футбольнага турніру.



Пры гэтым супрацоўнікі АМАП самі парушалі закон: на форме праваахоўнікаў не было бэйджаў з іхнымі імёнамі, прозвішчамі ды пасадаю. А людзей, якія патрабавалі ў міліцыянтаў адрэкамендавацца, адпраўлялі на паглыблены дагляд і перапісвалі пашпартавыя звесткі. АМАПаўцы не тлумачылі, з чым звязаная мабілізацыя на спартовым аб’екце, і адказвалі, што атрымалі загад. Пры гэтым былі выпадкі, калі жанчын даглядалі ды абмацвалі амапаўцы-мужчыны.



Фота — belsat.eu