Амбасада Беларусі: Пацярпелы ў цягніку беларус — у лякарні Санкт-Пецярбурга

Амбасада Беларусі ў Расіі ўдакладніла, што пацярпелы пры выбуху цягніка "Неўскі экспрэс" беларускі грамадзянін знаходзіцца ў 27-й лякарні Санкт-Пецярбурга. Нагадаем, што раней паведамлялася, нібы беларус знаходзіцца ў лякарні Цвярской вобласці. Прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Расіі Віталь Сліўка пацвердзіў агенцтву БЕЛТА, што пацярпеў адзін 32-гадовы грамадзянін Беларусі. Яго жыццё знаходзіцца ў бяспецы, стан здароўя медыкі ацэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці. Пэўная блытаніна першапачаткова паўстала з-за таго, што пацярпелы грамадзянін Беларусі зарэгістраваны ў Гомелі, аднак з'яўляецца выхадцам Архангельскай вобласці Расіі.

Падрыў "Неўскага экспрэса" адбыўся познім вечарам 27 лістапада на мяжы Цвярской і Наўгародскай абласцей. У выніку крушэння загінулі 26 чалавек і каля 100 пацярпелі.