Амбасадар Даўгалёў выслухаў "глыбокае расчараванне " МЗС Расіі

Амбасадар Беларусі Васіль Даўгалёў сёння быў запрошаны ў МЗС Расіі, дзе яму было заяўлена пра тое, што ўтрыманне грамадзян Расіі пад арыштам у Мінску наносіць шкоду палітычным адносінам дзвюх краін. Як паведамляе прэс-служба МЗС Расіі, статс-сакратар —намеснік Міністра замежных справаў РФ Рыгор Карасін выказаў глыбокае расчараванне рашэннем Мінскага гарадскога суда, які адхіліў 27 снежня хадайніцтва расійскіх грамадзян пра датэрміновае вызваленне.

"МЗС Расіі зноў падкрэслівае неабходнасць неадкладнага вызвалення ўсіх расійскіх грамадзян, затрыманых у Мінску 19 снежня. Іх далейшае ўтрыманне пад арыштам наносіць шкоду палітычнай атмасферы ў двухбаковых адносінах", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Пасол Даўгалёў паабяцаў давесці пазіцыю расійскага боку да кіраўніцтва Беларусі.