Амбасадар Германіі: Доўга знаходзіцца пры ўладзе – нешта незвычайнае
Вальфрам Маас каментуе выбары ў бундэстаг, распавядае як галасавалі немцы ў Беларусі і чаму ніводзін з іх не прыйшоў у Мінску на выбарчы ўчастак
Паводле вынікаў выбараў, кансерватыўны блок Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і Хрысціянска-сацыяльнага саюза, які ўзначальвае цяперашняя канцлер Ангела Меркель, набраў 41,5% — і застаўся пры ўладзе. Следам ідзе Сацыял-дэмакратычная партыя з 25,7%, за імі – партыя “Левыя” з 8,6% і партыя “Зялёныя” з 8,4%. Іншыя партыі не пераадолелі патрэбны для ўваходжання ў Бундэстаг бар’ер у 5%. Найбольшым ударам гэта стала для Свабоднай дэмакратычнай партыі, якая не ўвайшла ў бундэстаг упершыню з 1949 года.

Галоўным супернікам Ангелы Меркель быў Пеер Штайнбрук з Сацыял-дэмакратычнай партыі. Калаж з сайта амбасады Нямеччыны ў Беларусі
У Мінску за выбарамі назіралі ў жывым эфіры – для гэтага разам сабраліся дыпламаты, журналісты ды палітолагі. Як толькі сталі вядомыя папярэднія вынікі, мы пацікавіліся ў амбасадара Германіі ў нашай краіне, што яны значаць для Беларусі.

Вальфрам Маас. Здымак з сайта амбасады Нямеччыны ў Беларусі
"Я думаю, што датычна стасункаў з Беларуссю вынікі гэтых выбараў не прывядуць да істотных зменаў, — мяркуе Вальфрам Маас. — Бо, што датычна пазіцыі найважнейшых палітычных сілаў Германіі, тут няма істотных адрозненняў адносна палітыкі ў стасунках з Беларуссю”.
Тое, што Ангела Меркель пайшла на трэці тэрмін, выклікае зразумелыя асацыяцыі ў беларусаў. А што мяркуе нямецкі амбасадар – ці нармальна гэта, калі палітык заседжваецца пры ўладзе?

Ангела Меркель. Фота tribuna.ru
Вальфрам Маас: “Як і падчас самых першых выбараў, гэтак і ў часе сённяшніх выбараў, пытанне, ці стане яна пераможцам, заставалася адкрытым да апошняга. Рацыя ў адным: доўга знаходзіцца пры ўладзе – нешта незвычайнае. Бо ў дэмакратыі ўрадавая адказнасць азначае ўладу толькі на пэўны перыяд часу. І ў нямецкай парламенцкай гісторыі былі неаднойчы прыклады, калі федэральныя канцлеры, якія знаходзіліся пры ўладзе, не атрымлівалі на чарговых выбарах мандату даверу выбаршчыкаў, бо большасць выбаршчыкаў лічыла, што ўлада павінна нарэшце здабыць новы твар. Таму ў мяне няма ніякіх сумневаў у надзейнай базе дэмакратычнага працэсу ў маёй краіне”.
Спадар амбасадар мяркуе, што нягледзячы на трэці тэрмін Ангелы Меркель, не варта думаць, што яе партыя і сама канцлер робяць выключна ўсё правільна і бездакорна.
Вальфрам Маас: “Незалежна ад краіны, ад палітыкаў, ад акалічнасцяў, я перакананы, што няма людзей, якія не здзяйсняюць памылкі. Гэта тычыцца ў роўнай ступені і федэральнага канцлера ды федэральнага ўрада. І менавіта ў гэтым заключаецца шарм дэмакратычнай сістэмы!”

Паседжанне бундэстага. Фота profi-forex.org
Колькі дакладна грамадзян Германіі галасавала ў Беларусі, даведацца практычна немагчыма. Паводле афіцыйных звестак, у нас пражывае каля 600 нямецкіх грамадзянаў. Але ніводзін з іх не прыходзіў у Мінску на выбарчы ўчастак і не кідаў бюлетэнь у урну! Усе грамадзяне Германіі, якія жывуць у іншых краінах, галасуюць праз пошту.
Вальфрам Маас: “Мы не ведаем, колькі чалавек галасавала, бо гэта адбываецца дэцэнтралізавана. Кожны нямецкі грамадзянін, які жыве ў Беларусі ці іншай дзяржаве, самастойна звязваецца са сваёю выбарчай акругай у Нямеччыне. Таму мы не можам сказаць напэўна, хто скарыстаўся гэтым правам, і які адсотак людзей узяў удзел у галасаванні. За сябе магу сказаць, што я ўзяў удзел у галасаванні – і калі нямецкая пошта спрацавала надзейна, мой голас будзе ўлічаны пры падвядзенні вынікаў галасавання!”
На пытанне, што ж абяцалі нямецкія палітыкі сваім патэнцыйным выбаршчыкам у выступах і праграмах, спадар амбасадар адказаў паўжартам.
Вальфрам Маас: “Нямецкія палітыкі абяцаюць тое, што і палітыкі ў цэлым свеце, — манну нябесную! Але рэч у тым, што выбаршчыкі нашмат разумнейшыя, чым часам мяркуецца. І дакладна разумеюць, што хаваецца ў прамовах кожнага кандыдата”.

Рэйхстаг, дзе праходзяць паседжанні бундэстага. Фота turinfo.ru
Загалоўны здымак: holiday.by