Амбасадар ЗША пакуль застаецца ў Мінску

Амбасадар ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт застаецца ў Мінску, нягледзячы на прапанову беларускага ўрада пакінуць нашу краіну.
Па словах прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Тома Кейсі, амбасадар застанецца на час вывучэння ўсіх акалічнасцяў, паведамляе Reuters.

Нагадаем, напярэдадні Беларусь адклікала свайго амбасадара ў ЗША і параіла амерыканскім дыпламатам вярнуцца на радзіму. Гэта звязана з эканамічнымі санкцыямі Амерыкі супраць нашай краіны.

У лістападзе мінулага года Мінфін ЗША змарозіў замежныя банкаўскія рахункі "Белнафтахіма" і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі "Белнафтахім Ю-Эс-Эй".

Акрамя таго, амерыканскім бізнесменам загадана ўстрымацца ад кантактаў з беларускім канцэрнам.