Амбасадары краін ЕС сустрэліся са студэнтамі і выкладчыкамі ЕГУ

Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміла супрацоўніца ЕГУ Таццяна Рудзінскене.


Паводле яе слоў, агулам прысутнічалі 12 амбасадараў, а таксама павераны ў справах дэлегацыі Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хальцапфель. Яны пазнаёміліся з вышэйшай навучальнай установай, са студэнтамі і выкладчыкамі, адказалі на шматлікія пытанні. У прыватнасці, амбасадарамі была адзначана роля ЕГУ, як пасярэдніка і нават лідэра станаўлення нацыянальнай эліты Беларусі. Было пацверджана, што, у сувязі з апошнімі падзеямі, ЕГУ атрымае і фінансавую, і візавую падтрымку.


Нагадаем, амбасадары краін ЕС з'ехалі ў Вільню ў дзень, калі ў Мінску праходзіла інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам яны пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у адносінах апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Як паведамляе БелаПАН, дыпламаты сёння мусяць абмеркаваць сітуацыю ў нашай краіне з кіраўніцтвам МЗС Літвы.