“Амбасовішча” — насуперак усяму! (Відэа)

11 ліпеня ў рэзідэнцыі амерыканскага амбасадара ў Раўбічах пад Мінскам адбыўся фэст “Амбасовішча”. Адбыўся насуперак усім цяжкім абставінам, у якіх працуе дыпламатычная місія ЗША. Адбыўся насуперак усім чуткам пра тое, што сіламі пяці дыпламатаў, што засталіся ў Мінску з 35 супрацоўнікаў амбасады, фэст правесці нельга. Мы запыталіся ў часовага паверанага ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі спадара Джонатана Мура, наколькі важнае “Амбасовішча” менавіта ў гэтым годзе, калі стасункі амбасады і беларускага ўрада наздвычай абвастрыліся.

Джонатан Мур: “Мы праводзім “Амбасовішча” ў 4-ы раз. Для нашай амбасады, для ўсіх маіх калег – і амерыканскіх, і беларускіх – гэта вельмі значная падзея, бо гэта фестываль і музыкі, і свабоды слова!”

Незвычайны час, які сёлета амбасада ЗША абрала для “Амбасовішча”. Нагадаем, што традыцыйна гэты фэст праходзіў у верасні, а тут – сярэдзіна ліпеня! Аднак спадар Мур запэўніў, што перанос фэсту – гэта не палітычнае, а хутчэй гаспадарчае рашэнне. Па-першае, ноч у ліпені надыходзіць значна пазней. А па-другое...

Джонатан Мур: “У нас шацёр стаіць пасля 4 ліпеня [Дзень Незалежнасці ЗША. – Заўв. Мікалай Карняйчук]. А ўвогуле, чаму не? Калі гэта памылкова, вернем “Амбасовішча” на верасень, але я думаю, што фактычна ліпень лепей”.

Крута змяніўся і фармат мерапрыемства. Па-першае, замест 20 канкурсантаў, запрошаных у мінулым годзе, на сцэну выйшлі толькі 7 маладых гуртоў. Арганізатары далі магчымасць выступіць гуртам з правінцыі, таму “Амбасовішча” сёлета ацяжэла і стала вельмі падобнае да конкурснай праграмы рэальнага “Басовішча”.

Фэст атрымаўся не вельмі працяглым па часе, але за дзве з паловай конкурсныя гадзіны са сцэны прагучала вельмі разнастайная музыка: этна ад “Джамбібум”, ска ад гурта Kalmary, хард-рок з жаночым вакалам ад полацкай “Індры”. Гродзенскі гурт Tlusta Lusta рубануў хардкору, а “Заточка” з Магілёва як мае быць адыграла “па панку”: непасрэдна, у майтках і з нецэнзурнай лаянкай.

І хаця артыстызм маладых музыкаў адзначыў сам Піт Паўлаў, большасць прысутных усё ж галасавала за пазітыў:

Мікалай Карняйчук: За каго вы будзеце галасаваць?
Аляксей Кароль, рэдактар газеты “Новы час”: Каль-ма-ры! О!
Мікалай Карняйчук: Вы любіце кальмараў?
Аляксей Кароль: Я прагаласаваў, бо мне спадабалася!

Мікалай Карняйчук: За каго вы будзеце галасаваць?
Леанід Нарушэвіч, музыка: За “Кальмараў”!
Мікалай Карняйчук: Вы гурман?
Леанід Нарушэвіч: Пад іх вельмі добра есці кілбасы!

Зміцер Падбярэзскі: Я за “Джамбібум”. Там хаця б музыка была!

Андрэй Курэйчык, драматург, сцэнарыст: Пакуль што я буду галасаваць за “Кальмараў”!
Мікалай Карняйчук: Вы ўжо трэці чалавек, які гаворыць мне пра “Kalmary”!
Андрэй Курэйчык: Яны вельмі пазітыўныя і, на мой погляд, прафесійныя музыкі!

Аляксей Янукевіч, палітык: Я буду галасаваць за “Джамбібум”. Мне падабаецца музыка, якую яны граюць, і дух ад іх сыходзіць вельмі прыемны, пазітыўны.

Такім чынам, перамаглі Kalmary з Бярозы – за гурт аддаў свой голас 51 наведнік “Амбасовічша” са 166, якія ўвогуле галасавалі. Па традыцыі, пры канцы фэсту пераможцы разам з прызамі атрымалі права выканаць свае самыя забойныя песні. З’явіўшыся на сцэне другі раз, вакаліст “кальмараў” распавёў прысутным анекдот, паводле якога гурт напісаў песню “Бадмінтон”. Пасля чаго Kalmary неадкладна гэтую песню выканалі.

Вакаліст гурта Kalmary: “Ну давайце, пачнем з анекдоту. Калісьці ў ауле дзяўчына пасвіла статак баранаў. Да яе падыйшоў хлопец, і яна прапанавала яму згуляць у бадмінтон на такіх умовах: калі хлопец выйграе, яна яму аддаецца. А калі выйграе дзяўчына, ён задавальняе ўсіх баранаў. О, як яна гуляла ў бадмінтон!”



Фота — ByMedia