Амерыка чакае ад беларускага ўрада крокаў насустрач

Злучаныя Штаты не зменяць прынцыповай пазіцыі наконт ацэні захавання правоў чалавека ў Беларусі, перадае БелаПАН. Пра гэта амерыканскія дыпламаты паведамілі журналістам у Раўбічах падчас фэсту "Амбасовiшча". Як вядома, "Амбасовiшча" у гэтым годзе ладзілася ў Раўбічах апошні раз. ЗША вымушаныя адмовіцца ад рэзідэнцыі амбасадара ў гэтым пасёлку. "Два гады дом не заняты, і няма сігналаў, што сітуацыя зменіцца. Не мае сэнсу плаціць за тое, што не выкарыстоўваецца", — сказаў  часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

З сакавіка 2008 года пасольства ЗША ў Беларусі ўзначальвае часовы павераны, пасля таго як Мінск адклікаў свайго амбасадара з Вашынгтона і змусіў Амерыку зрабіць тое самае.

Амерыканскі дыпламат адзначыў, што калі ўрад Беларусі жадае супрацоўнічаць, то з яго боку павінен быць крок насустрач ЗША.