Амерыканца асудзілі ў Беларусі на 5,5 гадоў

Суд Маскоўскага раёна Мінска прыгаварыў да 5,5 гадоў пазбаўлення волі грамадзяніна ЗША Дэвіда Багаціна.
Пра гэта паведамілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Беларусі. Грамадзяніна ЗША, а таксама яго сына, расійскага падданага, Сяргея Багаціна суд прызнаў вінаватымі ў выманьванні крэдыту на суму каля 1,5 мільёна долараў.

Бацьку і сына асудзілі адпаведна на 5,5 і 5 гадоў пазбаўлення волі.

Падчас следства было ўстаноўлена, што Багацін і яго сын пры заключэнні дамовы з банкамі на атрыманне крэдытаў паведамілі, што ім патрэбныя грошы для закупак цукру, каб вырабляць павідла на двух прадпрыемствах у Свабоднай эканамічнай зоне "Брэст".

Пасля чаго грошы былі пералічаныя на падстаўныя фірмы. Падчас судовага разгляду падазраваныя вярнулі крэдыты, сваю віну пасля вынясення прысуду не прызналі і падалі касацыйную скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі.

“Інтэрфакс”