Амерыканцы за год запампавалі мільярд трэкаў

З пачатку 2008 года ў ЗША было прададзена звыш мільярда лічбавых музычных трэкаў, піша Billboard са спасылкай на даследаванне Nielsen Soundscan. Да 14 снежня было спампавана 1,001 мільярды кампазіцый. Чакаецца, што да канца года аб'ём продажаў дасягне 1,04 мільярды трэкаў. Семнаццаць адсоткаў з прададзеных лічбавым спосабам песень прыйшлося на трэкі, якія ўваходзяць ў спіс 200 лепшых. Самай прадаванай праз інтэрнэт песняй стала кампазіцыя "Bleeding Love" спявачкі Лявоны Люіс, якая разыйшлася ў 3,3 мільёны асобнікаў.

Спачатку крама iTunes, на якую прыходзіцца вялікая доля рынка лічбавай музыкі, назвала самыя папулярныя альбомы, не раскрываючы аб'ёмаў продажаў. Першую тройку склалі альбом Coldplay "Viva La Vida Or Death And All His Friends", альбом Джэка Джонсана "Sleep Through The Static" і саўндтрэк да фільма "Джуна".

Аб'ём лічбавых продажаў музыкі ў 2008 года, згодна з дадзенымі Nielsen, вырас у параўнанні з 2007 годам на 28 адсоткаў.

Дарэчы, тая самая Лявона Люіс названая «Персонай года» сусветнай арганізацыяй па абароне правоў жывёл PETA.

Нагадаем, што 23-гадовая поп-выканаўца ўжо больш за 10 гадоў з'яўляецца перакананай вегетарыянкай і публічна выступае супраць выкарыстання адзежы нерасліннага паходжання, перадае Music.com.ua. Летась Люіс, напрыклад, адмовілася прысутнічаць на адкрыцці зімовага распродажу ў крамах сеткі Harrods, калі дазналася, што ў іх прадаецца адзежа з натуральнага футра.

«Я катэгарычна супраць гвалту над жывёламі. Я не толькі не спажываю жывёльнай ежы, але і не нашу адзежу і абутак, зробленыя з скуры або футра жывёл. Спадзяюся, што мой прыклад натхніць маіх прыхільнікаў», - распавядае спявачка.

«Лявона - выдатная спявачка, але сапраўднай суперзоркай у нашых вачах робіць яе далікатнае стаўленне да братоў нашых малодшых», - заявіў дырэктар еўрапейскага філіяла PETA Робі Лебланк.

Фота: www.new-file.info