Амерыканскія даследчыкі спрабуюць перадухіліць смяротныя сэлфі

Амерыканскія даследчыкі спрабуюць перадухіліць смяротныя сэлфі

Група амерыканскіх даследчыкаў распрацоўвае спецыяльны дадатак да мабільнага тэлефона, які дапаможа перадухіліць смерці падчас небяспечнага сэлфі. Згодна з дадзенымі навукоўцаў, у 2014 годзе ў свеце 15 чалавек загінулі з-за таго, што спрабавалі сфатаграфаваць саміх сябе на тэлефон у небяспечных умовах. У 2015 годзе такіх трагічных выпадкаў было ўжо 39, а за першыя восем месяцаў гэтага года — 73.

Паводле задумы навукоўцаў, дадатак павінен будзе папярэджваць аматараў сэлфі пра тое, што яны ў небяспецы. Дзеля гэтага стваральнікі дадатку высветлілі, дзе адбываецца болей за ўсё няшчасных выпадкаў і як прычына мяняецца ў залежнасці ад геаграфіі.

Большая частка смерцяў падчас экстрэмальнага сэлфі адбываецца ў Індыі — там людзі часцей за ўсё гінуць пад цягнікамі, бо здымкі на рэйках або побач з імі лічацца вельмі рамантычнымі.

У іншых краінах аматары фатаграфаваць саміх сябе на тэлефон часцей за ўсё падаюць з вялікай вышыні — з гор, абрываў і дахаў будынкаў.

Новы дадатак для тэлефонаў будзе рабіць высновы пра небяспечную здымку на падставе інфармацыі пра месцазнаходжанне і змест самога кадра. Тэставанне праграмы паказала, што яна спрацоўвае болей як у 70% выпадкаў і правільна трактуе сітуацыю як небяспечную, перадае ВВС.