Анастасія Слуцкая збіраецца завесці блог

Вядомая акторка Святлана Зелянкоўская, вядомая шырокаму беларускаму гледачу найперш па ролі Анастасіі Слуцкай у блокбастэры з такой жа назвай, захапілася ідэяй завесці свой інтэрнэт-дзённік. “Пакуль што мае дачыненні да Інтэрнэту абмяжоўваюцца электроннай скрыняй, – распавяла Святлана арганізатарам Першай беларускай ЖЖ-прэміі, якія, уласна кажучы, і прапанавалі ёй распачаць пісанне ў блог. – Але часу ў Інтэрнэце я праседжваю нямала!” “Я думаю, што буду пісаць прасторава, бытавыя дэталі буду апускаць. Мой дзённік будзе філасофскім. І, у асноўным, пра пачуцці”, – дадае Святлана.

Не паспела Зелянкоўская распавесці пра свой меркаваны “жывы журнал”, як яе паабяцаў зафрэндзіць генеральны дырэктар TUT.BY Кірыла Валошын. “Мы з ёй у адным класе вучыліся!” – Прыгадаў Кірыл.

Мяркуючы па ўсім, блог Святланы Зелянкоўскай будзе вельмі папулярным.