Андрэй Арамнаў, хутчэй за ўсё, зможа паехаць на Алімпіяду
Як даведалася Еўрарадыё, беларускі штангіст пакуль не дыскваліфікаваны, а рашэнне па ім будзе прымацца бліжэйшымі днямі. Высветлілася, што спартсмен паліў не марыхуану, а "спайс".
Беларускі штангіст Андрэй Арамнаў пакуль не дыскваліфікаваны, але рашэнне па ім будзе прынята неўзабаве. Пра гэта Еўрарадыё распавёў дзяржаўны трэнер па цяжкай атлетыцы Міхаіл Захаранка.
"Я размаўляў з намеснікам старшыні федэрацыі. Ён сказаў, што прайшло гэтае слуханне, і рашэнне пра дыскваліфікацыю Арамнава да 6 снежня, пра якое пісалі, не афіцыйнае. Гэта яны толькі прапануюць Міжнароднай федэрацыі прыняць такое рашэнне. Яны перадаюць гэтыя паперы і сваё рашэнне ў кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі, якое потым на прызідыюме будзе вырашаць, што з намі рабіць".
Міхаіл Захаранка адзначыў, што дыскваліфікацыя найхутчэй будзе на паўгода, але з-за яе Андрэй Арамнаў не прапусціць ніводнага сур'ёзнага спаборніцтва. Што тычыцца чэмпіянату свету ў Турцыі, то беларускі асілак прапусціў яго, бо не меў права выступаць, пакуль ідзе разгляд яго справы. Але, кажа Міхаіл Захаранка, допінг – прычына не першапачатковая.
"Яму адпачыць трэба было і залячыць траўмы. Рашэнне аб яго няўдзеле ў гэтым чэмпіянаце было прынятае ў траўні, а ў ліпені кандыдатаў ужо адбіралі. Па-мойму, тады яшчэ не было дакладнага рашэння, ці трэба яму выступаць. А вынік таго, што ён недзе там патрапіўся, прыйшоў толькі ў канцы чэрвеня. Многія СМІ пісалі, што ён не удзельнічаў з-за праблемаў, але ў мяне іншае меркаванне. Гэта ў выніку ўжо атрымалася, што ён і не меў права выступаць".
Пакуль невядомы і лёс залатога медаля чэмпіянату Еўропы, які Андрэй заваяваў у красавіку ў Мінску. Цалкам верагодна, што яго забяруць у спартсмена, але гэта ўжо будзе вырашаць Еўрапейская федэрацыя цяжкай атлетыкі, якая павінна будзе даслаць сваё афіцыйнае рашэнне. Па словах дзяржтрэнера, яно можа быць прынятае ўжо праз тыдзень.
А вось на наступную Алімпіяду Андрэй Арамнаў усё ж зможа паехаць.
Міхаіл Захаранка: "Размаўлялі з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі і з іншымі людзьмі. Яны ўсе сцвярджаюць, што да Алімпіяды дапушчаны будзе. Але гэта на сённяшні дзень, афіцыйна казаць пакуль рана, бо няма яшчэ канчатковага рашэння Міжнароднай федэрацыі".
Высветлілася, што ў крыві Андрэя знайшлі усё ж не з марыхуану, як пісалі многія беларускія СМІ, а… некалі легальны "спайс".
Міхаіл Захаранка: "Пішуць, што марыхуану курыў… Я вам дакладна скажу, што гэта не марыхуана. Гэта сінтэтычны канабіоід. Як я разумею, ёсць такія курыльныя сумесі, кшталту "спайса". Але ён праўду не кажа, з ім цяжка гаварыць, таму мы не ведаем дакладна, што ён паліў. Але гэта дакладна не марыхуана".
Што рабіць з таленавітым але недысцыплінаваным спартсменам трэнеры ўжо не ведаюць.
Міхаіл Захаранка: "Словы на яго не дзейнічаюць. Ён не дзіцё, а дарослы чалавек. Ён павінен разумець, што робіць. Мы з ім размаўляем, але гэта не дае ніякага эфекту".
Праўда сам Андрэй нейкі сумны і стомлены. Ён вырашыў больш не размаўляць з прэсай.
"Я інтэрв'ю не дам. Я вырашыў больш нічога не казаць, усё роўна ахінею пішуць розную. Не буду нічога казаць, прабачце".