Андрэй Арамнаў лічыць, што "нічога страшнага не адбылося"

Алімпійскі чэмпіён Пекіну, беларускі цяжкаатлет Андрэй Арамнаў "не зусім адэкватна" рэагуе на сваё затрыманне супрацоўнікамі ДАІ ў стане алкагольнага ап'янення. Паводле слоў галоўнага трэнера зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандра Ганчарова, Арамнаў лічыць, "што нічога страшнага не адбылося", паведамляе kp.by.
Нагадаем, Андрэй Арамнаў няўдала адзначыў уручэнне ключоў ад мінскай трохпакаёвай кватэры за залаты медаль у Пекіне - на наступны дзень быў спынены ў Барысаве ДАІшнікамі і высветлілася, што спартсмен кіраваў машынай у стане алкагольнага ап'янення. Таксама з'явілася інфармацыя, што за апошнія месяцы гэта ўжо другі такі выпадак у Арамнава. У снежні 2008-га спартсмена аштрафавалі і пазбавілі правоў кіроўцы.

Праверку па справе алімпійскага чэмпіёна, цяжкаатлета Андрэя Арамнава пачало кіраўніцтва спартыўнай каманды ўнутраных войскаў МУС Беларусі, інфармуе "Інтэрфакс". Тым часам Аляксандр Ганчароў дапускае, што ў 20-гадовага Арамнава магло з'явіцца пачуццё уседазволенасці.