Андрэй Мезін не будзе гуляць з маскоўскім "Спартаком"

Брамнік мінскага ХК "Дынама" і зборнай Беларусі Андрэй Мезін не згуляе сёння ў гасцявым паядынку чэмпіянату КХЛ з маскоўскім "Спартаком". Як адзначае БЕЛТА, прычынай стала пашкоджанае калена хакеіста. Пасля гульні са СКА ў Санкт-Пецярбургу, дзе мінчукі атрымалі чацвёртую перамогу запар, Мезін звярнуўся да лекараў са скаргамі на болі ў калене. Сёння галкіпер мусіць прайсці абследаванне (МРТ). Пасля гэтага можна будзе больш дакладна казаць пра дыягназ і тэрміны вяртання на лёд.

У каманду тэрмінова выкліканы камандзіраваны на днях у салігорскі "Шахцёр" Міка Окса. Чакаецца, што ў сённяшнім матчы ў Маскве адбудзецца дэбют амерыканскага галкіпера Роберта Эша.

Пасля гульні са "Спартаком" мінскія дынамаўцы працягнуць гасцявую серыю матчамі з "Северсталлю" ў Чарапаўцы (22 кастрычніка) і "Лакаматывам" у Яраслаўлі (24 кастрычніка).