Анджэя Пачобута перадалі ў Польшчу
Анджэя Пачобута пасля вызвалення сустрэў Дональд Туск / x.com/donaldtusk
Палітвязня-журналіста Анджэя Пачобута вызвалілі падчас абмену з Польшчай.
Як паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА, абмен адбыўся на мяжы па формуле "пяць на пяць". Імёны астатніх удзельнікаў абмену не называюцца.
"Тое, што адбываецца, з'яўляецца кульмінацыяй складанага і працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцтвам разведкі Польшчы, які ажыццяўляўся па прамым даручэнні прэзідэнта Беларусі", — сцвярджаецца ў паведамленні.
Гаворыцца, што перамовы пра абмен пачаліся яшчэ ў верасні 2025 года.
БЕЛТА прызнаецца, што мяняе Пачобута на затрыманых шпіёнаў: "Сярод вызваленых у тым ліку грамадзяне Беларусі, якія выконвалі асабліва важныя заданні ў інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці нашай краіны".
Паведамляецца, што ў перамовах удзельнічалі спецслужбы сямі дзяржаваў. У Беларусі з-за кратаў выйшлі трое грамадзян Польшчы і двое — Малдовы.
Сёння ў першай палове дня з'явіліся звесткі пра візіт у Польшчу спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла. Звычайна такія візіты суправаджаюцца вызваленнем палітвязняў.
Прадстаўнік польскай нацыянальнай меншасці Анджэй Пачобут знаходзіўся ў зняволенні з 25 сакавіка 2021 года. Ён адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні.