АНТ можа не паспець падрыхтавацца да "Еўрабачання"

Каб займацца падрыхтоўкай да "Еўрабачання", АНТ уступіць у Еўрапейскі вяшчальны саюз. Але адбудзецца гэта толькі ў канцы снежня. Ці паспее тэлеканал правесці беларускі адбор?
Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены вынікамі "Еўрабачання" і ўвесну стала вядома, што, магчыма, конкурсам будзе займацца тэлеканал АНТ.

Дзеля таго, каб займацца конкурсам, АНТ павінен уступіць у Еўрапейскі вяшчальны саюз. Канал ужо падаў заяўку і рашэнне будзе прынятае ў канцы снежня, — пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар АНТ Аліна Праваторава:

"Мы падалі заяўку. Паводле працэдуры, у ЕВС заяўкі разглядаюцца 2 разы на год. Нашая заяўка прынятая на парадак дня і разглядацца будзе ў канцы снежня.

Калі мы станем чальцамі ЕВС і будзе рашэнне перадаць арганізацыю конкурсу нам, то гэта будзем рабіць мы".

Цяпер АНТ не мае права праводзіць ніякіх адборачных тураў для "Еўрабачання".

Аліна Праваторава: "Рэч у тым, што без афіцыйных папер — пад эгідай чаго мы будзем гэта рабіць? Як мы будзем набіраць людзей, калі правоў няма?"

А падрыхтоўка да конкурсу звычайна пачынаецца ўжо ў кастрычніку. Аляксандр Ціхановіч распавёў Еўрарадыё, што спачатку прымаюць заяўкі, якіх вельмі шмат, у лістападзе іх разглядаюць і адбіраюць лепшых, а ў снежні ўжо праходзіць паўфінал.

"Спачатку ідзе чвэрцьфінал — там адбіраюцца з усіх заявак тыя песні, якія па фармаце могуць удзельнічаць у конкурсе. Потым яны ўсё праслухоўваюцца ўжывую. Потым з гэтых 60-100 чалавек адбіраюцца 15 для ўдзелу ў паўфінале. Ён ідзе ў эфіры, там журы выбірае 5 для фіналу. А потым з 5 у фінале выбіраюць гледачы.

Са студзеня месяца пачынаюцца як правіла прома-туры і падрыхтоўка артыста — пастаноўка нумара, песня прыводзіцца ў належны выгляд, праца з візажыстамі, легенда, ну ўсё."

Выходзіць, што тэлеканал АНТ зможа заняцца падрыхтоўкай толькі пасля ўступу ЕВС, а гэта адбудзецца толькі напрыканцы снежня.

А пакуль на АНТ ніхто нават не пачынаў нешта рабіць.

Аліна Праваторава: "Мы вырашаем праблемы па меры іх паступлення. Мы падалі заяўку — калі ў нас будзе адказ, мы пачнем нешта рабіць.

Пакуль, я вас запэўніваю, "Еўрабачаннем" ніхто не займаўся, таму што ў нас на носе "Інтэркантыненталь" у верасні. Улетку ўсе будуць займацца гэтым конкурсам".

На самім канале разумеюць, што тэрміны будуць вельмі кароткія: бо падрыхтоўка да конкурсу ссунецца з пачатку кастрычніка на канец снежня — на цэлых тры месяца.

Аліна Праваторава: "Шчыра кажучы, калі мы станем узімку чальцамі ЕВС, то часу будзе вельмі мала. Таму што ўжо з восені пачынаецца праца па "Еўрабачанні".

Калі раптам нам трэба будзе рабіць, то ў нас тэрміны будуць вельмі-вельмі гарачыя, каб гэта ўсё арганізаваць".

Пакуль жа пытанне з арганізатарамі афіцыйна яшчэ не вырашанае — хоць аб гэтым і заяўляў прэзідэнт. Аляксандр Ціхановіч кажа, што яго ніхто не адхіляў ад працы.

"Для таго, каб было штосьці новае, трэба вызваліцца ад старога. Нас жа прызначалі туды, зараз трэба адхіліць. Але пакуль нічога такога не было".

А на БТ цяпер працягваецца праверка, якую распачаў Аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па просьбе ўдзельніка "Еўрабачання-2009" ад Беларусі Пятра Ялфімава.

Аляксандр Ціхановіч: "Пакуль усё спакойна і ціха. У нас працягваецца праверка. У нас міжнародныя кантракты — таму цяпер правяраюць нашых замежных партнёраў. Разумееце, як людзям прыемна гэта? Людзі выканалі сваю працу, а іх зараз правяраюць. Праца жа выкананая ў поўным аб'ёме, ёсць на гэта ўсе дакументы. Але так законам належыць. Хацеў жа Пеця — вось яны і правяраюць".

Тым часам на Белтэлерадыёкампаніі гэтак жа кажуць — што пытанне па Еўрабачанні канчаткова яшчэ не вырашанае.