АНТ: Ніякага канфлікту на тэлеканале з-за "Вітаўта" няма

На тэлеканалае АНТ апублікаваны днямі ліст ад супрацоўнікаў здымачнай групы кінафільма “Вітаўт” старшыні АНТ Рыгору Кіселю называюць "фальшыўкай". Пра гэта Еўрарадыё расказала прэс-сакратар АНТ Таццяна Курбат. Курбат: “У мяне на стале ляжыць ліст за подпісам усіх удзельнікаў рэжысёрска-пастановачнай групы. У ім яны пішуць пра тое, што не распаўсюджвалі інфармацыю падобнага кшталту ў сродках масавай інфармацыі. І стаяць усе подпісы”.

Па яе словах, праца здымачнай групы зараз сапраўды спыненая, а супрацоўнікі адпраўленыя ў адпачынак. Але зроблена гэта не з-за адсутнасці грошай у тэлеканала, а таму, што да гэтага часу не дароблены сцэнар да фільма.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, кіраўніцтву тэлеканала не спадабаліся тры ранейшыя сцэнары. Таму напісанне перадалі новаму чалавеку, які будзе дапрацоўваць сцэнар да канца лета. Як толькі сцэнар будзе зацверджаны, здымкі адновяцца, абяцаюць на АНТ.

Спн.Курбат прызнала, што адпраўленым у адпачынак удзельнікам рэжысёрска-пастановачнай групы грошы за зробленую працу сапраўды пакуль не заплацілі. Але, кажа яна, людзі з разуменнем ставяцца да гэтай затрымкі. І ў сваім лісце пад гэтай згодай падпісваюцца.

Курбат: “У нас няма канфлікту і няма скандалу. Там было, што нібыта людзі выстаўляюць прэтэнзіі. Але і прэтэнзій няма! Бо людзі з разуменнем ставяцца да таго, што невялікая затрымка адбылася па заробку, бо ацэньваецца аб’ём і якасць выкананай працы. У нас завяршыўся першы падрыхтоўчы перыяд, усе удзельнікі рэжысёрска-пастановачнай групы здалі кіраўніцтву вынікі сваёй працы. Зараз усё гэта будзе ацэньвацца кіраўніцтвам”.

Калі дакладна плануецца аднавіць здымкі фільма “Вітаўт”, супрацоўніца АНТ адказаць не здолела. Як і не адказала на пытанне пра тое, што ў напісаным сцэнары выклікала незадавальненне мастацкага савета тэлеканала. Нават прозвішча сцэнарыста не назвала.