Апазіцыйныя кандыдаты гатовыя парушаць партыйную дысцыпліну

Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Іван Шэга згодны нават часова прыпыніць сваё сяброўства ў партыі, але не падпарадкавацца рашэнню аб няўдзеле ў выбарах. Лявон Баршчэўскі пакуль не бачыць у гэтым парушэння партыйнай дысцыпліны. А экс-намеснік старшыні БНФ Алесь Міхалевіч кажа, што кіраўніцтва партыі загадзя ведала, што не ўсе з такім рашэннем пагодзяцца. Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Партыі БНФ заявіла аб прынцыповым жаданні 23 верасня спыніць удзел сваіх кандыдатаў у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, не ўсе шэраговыя сябры партыі згодныя з такім рашэннем. Так, слонімскі актывіст Партыі БНФ Іван Шэга днямі заявіў аб сваім намеры працягваць барацьбу за дэпутацкі мандат насуперак рашэнню кіраўніцтва і нават сойму. Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі такія паводзіны сябра партыі адпавядаюць прынцыпам партыйнай дысцыпліны.

Паводле слоў Івана Шэгі, большасць сойма сапраўды прыняла рашэнне аб няўдзеле ў выбарчай кампаніі. Але ў яго нібыта ёсць магчымасць абыйсці рашэнне і дысцыпліну не парушыць.

Іван Шэга: “З аднаго боку, партыйная дысцыпліна ёсць партыйная дысцыпліна, і большасць Сойму прыняла такое рашэнне. Але там ёсць пункт, згодна з якім кандыдат у дэпутаты, у якога добрыя шанцы, і калі складаюцца асаблівыя ўмовы, па якіх ён не можа зняцца, то ён можа напісаць заяву і працягваць удзел у кампаніі”.

І такія асаблівыя ўмовы ў слонімскага кандыдата ў дэпутаты нібыта ёсць.

Іван Шэга: “У склад маёй ініцыятыўнай групы ўваходзіла 50 чалавек. І там не толькі сябры партыі – там і проста мае знаёмыя, і людзі, якія ўваходзяць у іншыя партыі. Мы не чакалі, што нас зарэгіструюць, але калі зарэгістравалі, усе былі на пад’ёме, усе хацелі працаваць. Таму ў мяне ёсць пэўныя абавязкі перад гэтымі людзьмі. Я павінен улічваць і іх жаданні, а не толькі свае ўласныя і сваёй партыі. Хочуць, каб я ішоў да канца, і значная большасць нашых выбарцаў. Хочуць прыйсці і прагаласаваць за мяне асабіста. Многія хочуць галасаваць пратэстна, а калі я здымуся, то застанецца толькі прадстаўнік улады – трэцяга, які з намі ішоў, знялі папярэдне”.

Паводле слоў кандыдата ў дэпутаты, не ён адзін падчас партыйнага Сойму выказваўся за тое, каб працягваць удзел у выбарах да канца. Таму казаць канчаткова, якім будзе рашэнне Партыі БНФ наконт выбараў, пакуль рана. Асабліва калі ўлічваць запланаваны на 21 верасня сход Палітрады АДС. Калі ж, кажа Іван Шэга, партыя аб’явіць байкот выбараў, а ён застанецца на сваёй пазіцыі, то ён нават можа часова перапыніць сваё сяброўства ў партыі.

Кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адмовіўся каментаваць заяву слонімскага актывіста партыі з пункту гледжання партыйнай дысцыпліны.

Лявон Баршчэўскі: “Я не хачу каментаваць чуткі. Калі партыя прыме рашэнне, то яно ўступіць у сілу 23 верасня, і толькі пасля гэтага можна будзе казаць пра тое, ці парушае хто дысцыпліну, ці не”.

Наколькі партыйная дысцыпліна перашкаджае асабістым планам шэраговых сяброў партыі, Еўрарадыё запыталася ў экс-намесніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча.


Алесь Міхалевіч:
“З аднаго боку, можна было б размаўляць пра партыйную дысцыпліну, але з іншага – было галасаванне саміх кандыдатаў у дэпутаты на Сойме, і абсалютная большасць іх, амаль 2/3, выказалася за тое, каб не здымацца. Таму, на мой погляд, партыя павінна была прыслухацца да волі кандыдатаў у дэпутаты. Тых людзей, якія павінны былі выконваць гэтыя рашэнні”.

Больш за тое, па словах экс-намесніка старшыні, кіраўніцтва партыі, прымаючы такое рашэнне, загадзя ведала, што большасць кандыдатаў у дэпутаты, сябраў партыі, не захоча яго выконваць.

Алесь Міхалевіч: “Я думаю, што невыкананне любых рашэнняў партыі — гэта дрэнна. Але гэтая сітуацыя мне нагадвае тое, што адбываецца ў нашай краіне. Калі прымаюцца законы і загадзя вядома, што яны не будуць выконвацца. Рашэнне пра зняцце кандыдатаў было акурат такім самым рашэннем – калі кіраўнікі Партыі БНФ ведалі, што яно не будзе выканана значнай часткай кандыдатаў у дэпутаты”.

Такім чынам, можна чакаць, што калі 21 верасня Палітрада АДС прыме рашэнне зняць сваіх кандыдатаў з выбараў, частка іх такому рашэнню не падпарадкуецца. А прымуць сваё рашэнне – часова прыпыніць сяброўства у сваіх партыях і працягваць перадвыбарную барацьбу.