"Аператыўная паўза": чаму стала менш навін пра наступ УСУ
Няўжо наступ забуксаваў? | hromadske.ua
Контрнаступ украінскіх войскаў на Харкаўскім, Данецкім і Луганскім напрамках пачаўся 6 верасня. Але калі на працягу ўсяго мінулага месяца было мноства навін пра вызваленыя населеныя пункты ў гэтых рэгіёнах, то цяпер іх стала прыкметна менш. Што гэта значыць — наступ забуксаваў?
З гэтым пытаннем у эфіры Еўрарадыё дапамагаў разабрацца ваенны эксперт Ігаль Левін.
"Тое самае казалі пасля харкаўскай аперацыі: чаму ж фронт стаіць? Тое самае казалі пра Херсонскі фронт: вось Украіна спрабавала вярнуць тэрыторыю і спынілася. А потым што мы ўбачылі літаральна праз тыдзень ці два? Ліманскую аперацыю, праведзеную бездакорна, практычна па падручніках, па класіцы. А потым механізаваны ўдар у Херсонскім кірунку і вызваленне дзясяткаў кіламетраў".
Па словах Левіна, трэба разумець, што наступ не можа дзейнічаць бесперапынна: "Ёсць такія паняцці, як аператыўная паўза, падцягванне рэзерваў, замацаванне, зачыстка. Ёсць цэлая плеяда мер".
Напрыклад, цяпер Украіна можа праводзіць зачыстку на вызваленых тэрыторыях.
"Не сакрэт, што гэта вялікія прасторы: і замінаваныя аб'екты, і "згубленкі", і дэзерціры — цяпер ужо менш, але ў першыя дні асабліва знаходзілі іх: пахаваліся па падвалах і гэтак далей.
Гэта і вялікая колькасць тэхнікі, якую трэба забраць. Вораг кідае сотні адзінак тэхнікі спраўнай. Яе трэба эвакуяваць, адрамантаваць. Украіне патрэбна любая тэхніка — усё ідзе. Нават тое, што не ідзе ў войска, ідзе на запчасткі або на другую лінію, на навучанне".
Левін кажа, што на паўзу ўплывае вялікая колькасць фактараў, пра якія мы не ведаем: "Ведае толькі Генштаб".