Аптэкі: Ажыятажу няма і "аксалінавай" таксама

Аксалінавая мазь на заводзе нібыта ёсць, але яе няма ў што фасаваць, кажуць ў аптэках Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці ёсць у аптэках у розных рэгіёнах краіны лекі ад грыпу, на якія яшчэ нядаўна быў ажыятажны попыт.

У пінскай недзяржаўнай аптэцы "Галена" адказалі, што "Таміфлю" прадаецца толькі ў дзяржаўных аптэках.

Аптэка "Галена": "Таміфлю" ў нас няма і аксалінавай няма. Не можам сказаць, калі дакладна будзе. Мы, вядома, яе замовілі, але штосьці не даюць. А “Таміфлю” мы не атрымоўваем, “Таміфлю” толькі па рэцэптах у дзяржаўных аптэках".

Сапраўды, ў дзяржаўных аптэках Пінска "Таміфлю" ёсць. Ляжыць без усялякага ажыятажу, бо каштуе больш за сто тысяч і прадаецца па рэцэптах, адказалі ў аптэцы №47.

Аптэка №47:
"Таміфлю" ёсць па рэцэптах, але на яго няма ажыятажу, бо ён па рэцэптах і каштуе 112 700".

У дзевятай аптэцы Веткі параілі купляць "Рэмантадзін", бо аксалінавай мазі няма.

Аптэка №9: "Абяцаюць, абяцаюць, але штосьці не даюць. У канцы тыдня прывозка чакаецца. Для прафілактыкі ў нас ёсць "Рэмантадзін, па дзве упакоўкі ў рукі".

Такая ж сітуацыя ў зельвенскай аптэцы.

Аптэка №9: "Аксалінавай мазі няма. У канцы тыдня цікаўцеся ў гэты прывоз не было. Для прафілактыкі можаце ўзяць "Інтэрферон", а калі захварэлі, то ёсць розныя шыпучыя распушчальныя лекі. Па дзве ўпакоўкі на рукі".

Нягледзячы на тое, што нават у Мінску няма аксалінавай мазі, супрацоўніца аптэкі №17 кажа, што ажыятаж зараз спаў і лекі ўжо не так скупляюць.

Аптэка №17: "Зараз у нас няма такога ажыятажу, можна прыйсці і купіць. На дадзены момант у нас няма вялікага разбору".

Ад супрацоўніцы Крычаўскай аптэкі Еўрарадыё даведалася, чаму па ўсёй краіне няма аксалінавай мазі.

Аптэка №10:
"Аксалінавай нідзе няма. Мы ўчора тэлефанавалі на завод, яна ёсць, але няма ў што фасаваць. У той панядзелак было пяць штучак мазі. "Рынзасіпа" можа яшчэ ёсць упаковак 10-15 рознага. А "Тэрафлю" нам далі 5 пакецікаў".

На заводзе Белмедпрэпараты не кажуць, калі з’явяцца тубы для мазі, і ўвогуле ад усіх каментароў адмаўляюцца.

Фота - oksunnny.livejournal.com