Арганізатары Coachella знайшлі замену Эмі Ўайнхаўс

Арганізатары амерыканскага музычнага фэсту Coachella-2009 анансавалі абноўлены склад удзельнікаў мерапрыемства. Як паведамляе Billboard, да ўжо заяўленых музыкаў дадаліся Дэвендра Банхарт, Эцьен дэ Крысі, гурты The Orb, Chemical Brothers і Murder City Devils. Акрамя таго, для выступу з дыджэйскімі сэтамі заяўленыя Flying Lotus, Bomb Squad, Kode 9 і Daedulus.

Набор новых удзельнікаў Coachella рушыў ўслед за адменай выступу аднаго з хэдлайнераў фэсту Эмі Ўайнхаўс. Улады ЗША адмовілі брытанскай спявачцы ва ўязной візе з-за праблем яе стасункаў з законам. 17 сакавіка Ўайнхаўс паўстане перад судом па абвінавачванні ў нападзе на танцорку на вечарынцы ў Лондане.

Іншымі хэдлайнерамі фэсту Coachella-2009 стануць Пол Макартні, The Killers, The Cure, Морысі, Леанард Коэн і My Bloody Valentine. Фэст пройдзе з 17 па 19 красавіка ў каліфарнійскай пустыні ў 130 кіламетрах да ўсходу ад Лос-Анджэлеса.

Фота: www.etoday.ru