Арганізаваны збор для падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча
Аляксандр Мілінкевіч / Еўрарадыё
Родныя Аляксандра Мілінкевіча абвясцілі збор грошай на яго падтрымку. Пра гэта ў Фэйсбуку напісала жонка палітыка Іна Кулей.
Паўгода таму, у лістападзе 2025-га, Мілінкевіч прыйшоў на планавую аперацыю ў шпіталь, бо ў яго выявілі тромб у правай шыйнай артэрыі, які закрываў яе на 80%. Аднак пасля аперацыі Мілінкевіч апынуўся ў рэанімацыі. "25 лістапада аперацыя была праведзеная. Але яе наступствы аказаліся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся. У Аляксандра здарыўся ацёк мозгу. Тры тыдні Аляксандр знаходзіўся ў інтэнсіўнай тэрапіі — паміж жыццём і смерцю. З Божай дапамогай і дзякуючы вашым малітвам ён выжыў", — піша Іна Кулей.
Потым ён некалькі месяцаў правёў у клініцы і спецыялізаваным лекава-рэабілітацыйным цэнтры.
"Левая частка мозгу, якая адказвае за інтэлект, маўленне і памяць, не пацярпела. Правая — тая, што адказвае за рух атрымала пашкоджанні: не працуе левая рука, дрэнна слухаюцца ногі. Для чалавека актыўнага, рухавага, поўнага энергіі, якім заўсёды быў Аляксандр, усведамляць, што сёння ён ляжачы хворы, — вельмі цяжкае выпрабаванне", — піша жонка Мілінкевіча.
Пры гэтым вярнуцца дадому ён не можа, бо патрэбны пастаянны нагляд дактароў і інтэнсіўная рэабілітацыя.
Іна Кулей кажа, што яны з Мілінкевічам не атрымліваюць ні беларускіх, ні польскіх пенсій. Іх дом у Беларусі апячатаны, на іх пачалі крымінальную справу.
"Арэнда жылля, аплата рэабілітацыйнага цэнтра, лекі, транспартныя выдаткі, каб штодня дабірацца да мужа ў шпіталь, — усё гэта ўжо выходзіць за межы нашых магчымасцяў. Таму я звяртаюся да вас, сябры, з просьбай аб дапамозе. Я вельмі веру ў сілу нашай салідарнасці, у сілу талакі, у чалавечую дабрыню", — піша яна.
Падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча можна па гэтай спасылцы.