“Artes Liberalis”: “Нават у музыцы трэба трымацца сваіх каранёў!”

Падчас вечарыны ў брытанскай амбасадзе з нагоды Дня Святога Дэвіда – нацыянальнага свята Уэльса: Еўрарадыё паразмаўляла з Інай Перасецкай — вакалісткай гурта сярэднявечнай музыкі “Artes Liberalis”. Іна распавяла пра вагантаў, шакаладны пратэст і тое, што кожная плытка гурта адзначаецца новым жыццём.
Вышэйшая музычная адукацыя па-сярэднявечнаму…

Зміцер Траўчук, Еўрарадыё:
Вось калі гавораць “Artes Liberalis”, думаецца адразу пра нешта сумнае ці, наадварот, вельмі вясёлае? Якую б ты дала эмацыйную адзнаку назве вашага гурта?

Іна Перасецкая:
Хммм… Я нават не ведаю, як можна так ставіцца — сумнае ці вясёлае? А жыццё якое тады — сумнае ці вясёлае? Хто адкажа на такое пытанне?!

ЕРБ: “Artes Liberalis”, наколькі я ведаю, у Сярэднявеччы называліся сем “вольных” мастацтваў. Прычым гэта было ў свой час словам-аналагам вышэйшай адукацыі. Ці можна зараз назваць творчасць “Artes Liberalis” своеасаблівай музычнай ВНУ?

Іна: Пакуль што рана так гаварыць. Мы ж яшчэ вельмі маладыя! Мы, канешне, плануем гэта, але… Ведаеце, мы наогул выступаем за тое, каб у нашых сярэдніх школах больш глыбінна выкладалі музыку і спевы. Я лічу, што спяваць павінен кожны чалавек, каб чалавек ведаў адразу, дзе добры спеў і музыка, а дзе дрэнны. Таму што, як і ўсё ў гэтым свеце, бывае ніякім, а значыць, дрэнным, а бывае і добрым. Таму “Artes Liberalis” — гэта спроба ўзнавіць тую працу з людзьмі, якая, на жаль, была спыненая. Калі чалавек ведаў астраномію, матэматыку, рыторыку, музыку і гэтак далей.

ЕРБ: Калі чуеш “Artes Liberalis”, што адразу хочацца зрабіць?

Іна: Ведаеце, ёсць такая рэч, як “спевы вагантаў”…

ЕРБ: А, гэта тыя ваганты, якія вагаліся?

Іна: Не, ваганты – гэта сярэднявечныя студыёзусы. Гэта быў такі народ накшталт нашага студэнцтва. Такія людзі вясёлыя і руплівыя. Яны спявалі нават песні вельмі вольнага зместу. Калі мы думалі, як назваць калектыў, то схіляліся ў бок таго, каб гэта было нешта накшталт вагантаў. Так і нашая музыка: што спадабаецца ў гэты момант — вясёлае, невясёлае, сур’ёзнае, філасофскае…

ЕРБ: Карацей, як жыццё! Я вось напярэдадні нашай сустрэчы прачытаў, што датай адліку існавання “Artes Liberalis” трэба лічыць 1999 год. А першы канцэрт быў толькі ў 2001 годзе. Скажыце, а што вы рабілі гэтыя два гады: разаграваліся ці проста прыглядаліся адзін да аднаго?

Іна: І прыглядаліся таксама. У нас першы канцэрт прайшоў з аншлагам, і на сцэне было ажно 9 музыкаў! Гэта насамрэч быў вельмі складаны выступ. Мы насамрэч былі першым медыевальным калектывам у Беларусі. Гэта мала хто ведае і звычайна кажуць, што першымі былі “Стары Ольса”.

ЕРБ: Ну, я думаю, мы здолеем выправіць гэты прабел у гісторыі сярэднявечнай музыкі ў сучаснай Беларусі. Ты кажаш, быў сапраўдны аншлаг?

Іна: Так, аднак мы не гралі толькі медыевальную музыку, у нас былі і ўласныя музычныя творы. Былі таксама спевы і вакальныя мініяцюры. Карацей, праграма была вельмі складаная і маштабная.


“Творчая майстэрня” пад назвай “Artes Liberalis”


ЕРБ: Звычайна, калі людзям кажаш пра “Artes Liberalis”, то чуеш адразу пра кельцкую музыку. А як бы ты сама адказала на пытанне: якую музыку грае ваш гурт?

Іна: Розную! Тыя, хто ведае мяне як музыку і спявачку, ведаюць, што я граю і спяваю вельмі розную музыку. “Artes Liberalis” — гэта не гурт. Ведаеце, чым адрозніваецца гурт ад праекта? Гурт — гэта суполка аматараў, якія з цягам часу вырастаюць да ўзроўню прафесійных музыкаў. А праект — гэта прафесійныя музыкі, якія аб’ядноўваюцца дзеля нейкіх праграмаў.

Так у нашым праекце зараз бяруць удзел Дзмітрый Зайцаў, які яшчэ грае ў гурце “Босае сонца”, Ксенія Кручык, якая ўдзельнічае разам са сваім акардэонам адразу ў некалькіх праектах, Андрэй Малаковіч. Атрымліваецца, што больш правільна пісаць пра “Artes Liberalis” як пра творчую майстэрню.

ЕРБ: Ага, дык значыць, трэба пісаць і гаварыць “творчая майстэрня Artes Liberalis”?

Іна: Так, лепш казаць праект. Зараз гэта — праект кельцкая праграма, кельцкая музыка. Мы ў яе шчыра ўсе закаханыя!

ЕРБ: Вось вы і кельцкую музыку таксама выконвалі на вечарыне ў брытанскай амбасадзе, прысвечанай Дню Святога Дэвіда. Свята валійскае, музыка кельцкая, а самі вы — беларусы. Як вас занесла так далёка ад роднай краіны ў творчасці?

Іна: У нас ёсць стары знаёмы, які па прафесіі перакладчык. Прычым ведае не проста сучасную англійскую мову, а нават розныя жаргонныя дыялекты і да таго падобнае. Дык вось, ён выдаў некалькі навуковых працаў наконт таго, што беларусы і кельты — вельмі падобныя народы. І я некалькі разоў чула пра тое, што нашыя народы сапраўды можна назваць блізкімі па паходжанні.

ЕРБ: Атрымліваецца, што чужой музычнай спадчынай не займаецеся?

Іна: А як жа ж!



Як можна пратэставаць і адначасова “быць у шакаладзе?!”


ЕРБ: Іна, у свой час, пасля заканчэння Інстытута культуры па класе эстраднага вакалу, ты вырашыла памяняць гэтую самую эстраду на занятак сярэднявечнай музыкай, бо, цытую, “камерцыя і творчасць несумяшчальныя”. Ці працягвае “Artes Liberalis” карыстацца і зараз гэтым прынцыпам?

Іна: Гэта, канешне, складанае філасофскае пытанне. Але, як кажа мой муж, няма простага жанру. Эстрада — гэта ўсё! І Вярцінскі — гэта таксама эстрада!
А наогул, калі я чую разважанні маладых рокераў наконт таго, што хтосьці з іх такі музыка, такі, што проста жудасць, які музыка; а сам сядзіць у брудзе… Я такім заўсёды кажу: “Чалавек, ты ж граеш рок, а рок — гэта музыка пратэсту. Як тады ты можаш пратэставаць і адначасова “быць у шакаладзе?!” Таму трэба адрозніваць такія паняцці, як “праца” і ”творчасць”.


“Пишитесь и размножайтесь!”


ЕРБ: Я вось ведаю, што “Artes Liberalis” нават граюць па нотах з Лонданскай бібліятэкі...

Іна: Так, мы сапраўды выкарыстоўваем ноты з Лонданскай бібліятэкі. Зараз мы акурат запісваемся, аднак крыху спыніліся з-за “тэхнічных” момантаў: я цяжарная! У нас проста так атрымліваецца, што калі “Artes Liberalis” маюць магчымасць запісаць плытку, у мяне адразу ж нараджаецца дзіця…

ЕРБ: Ну, не самая “страшная” праблема… Ну, а шчыра, калі ўжо можна будзе ў крамах набыць альбом “Artes Liberalis”?

Іна: Ведаеце, мы не вельмі пешчаныя спонсарамі. І яшчэ: адна справа зрабіць запіс, а іншая — растыражаваць альбом. У мяне нават показка з’явілася для пачынаючых музыкаў: “Пишитесь и размножайтесь!”

ЕРБ: Якая, на твой погляд, мэтавая аўдыторыя “Artes Liberalis”? І якім ты бачыш свайго ідэальнага слухача?

Іна: Ёсць такія словы ў беларускай мове, аналагаў якіх я не сустракала: “Шляхетны і густоўны”. Беларусы ж, яны вельмі пяшчотныя і з павагай ставяцца да любых музыкаў. Гэта чалавек, які ўмее ідэальна слухаць.


Трэба трымацца сваіх каранёў, у тым ліку і ў музыцы!


ЕРБ: За якімі напрамкамі, стылямі будучыня беларускай музыкі, на тваю думку?

Іна: Ведаеце, у нас вельмі шмат таленавітых, цікавых, харызматычных спевакоў. Калі будзе гэтаму асаблівая ўвага, тады і нашая эстрада выйдзе на сусветны ўзровень.

І яшчэ. Можа, мяне за гэта будуць біць, але ж скажу: “Ну, які такі беларускі блюз?!” У нас жа зусім іншая культура, і тыя ж музычныя традыцыі іншыя! Нам трэба трымацца сваіх каранёў, у тым ліку і ў музыцы!

ЕРБ: Ну, і напрыканцы нашай размовы. Уяві, што ў цябе ёсць магчымасць звярнуцца да беларусаў. Гавары!

Іна: Людзікі! Галоўнае — гэта каханне! Любіце адзін аднаго, любіце сусвет і Радзіму! Так, і жывіце 100 гадоў! Ці нават і больш!