Астаповіч: Гістарычны цэнтр сталіцы стаў пляцоўкай для абкаткі "заразы"

Генеральная пракуратура днямі пераадрасавала дзеля разгляду па сутнасці ў пракуратуру Брэсцкай вобласці зварот старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча дзеля прадухілення зносу будынкаў у цэнтры Брэста, прызнаных гістарычнымі каштоўнасцямі.   Вось што Астаповіч распавёў Еўрарадыё:

"Што тычыцца гістарычных цэнтраў гарадоў, у нас заканадаўства па ахове гістарычнай спадчыны чамусьці не працуе. Таму і быў зварот у Генеральную пракуратуру, і Таварыства зараз актыўна працуе з гэтай праблемай выстаўлення на аукцыён з фармулёўкай “пад знос і новую забудову” будынкаў у цэнтры Брэста, якім адрасна быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Увогуле ногі ўсяго гэтага пачалі расці з Мінску. Гістарычны цэнтр сталіцы стаў пляцоўкай, на якой абкатваюцца ўсе гэтыя схемы, і з Мінска гэтая зараза пачала распаўзацца на ўсю Рэспубліку Беларусь".

Будынкі ў чатырохкутніку брэсцкіх вуліц Дзяржынскага, 17-га верасня, Будзёнага і Савецкай улетку 2002 года адмысловай камісіяй пры гарвыканкаме былі прызнаныя гістарычна значнымі для горада, а ўлетку 2009 года Міністэрства культуры надало ім статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Як зазначыў Антон Астаповіч, “пляцы пад дамамі непразрыстам чынам перайшлі будаўнічай фірме “Облік””, аднаму з найбольш актыўных забудоўнікаў абласнога цэнтра.

Цяпер аднаго дома па вуліцы Дзяржынскага ўжо няма, рэшта абнесеная металёвай агароджай. З часткі дамоў адселеныя жыхары, і дабраахвотныя ахоўнікі помнікаў чакаюць горшага.  


У будынку №12 па вуліцы 17-га верасня, навадзеле ў пляме забудовы, яшчэ жывуць людзі, а дом №10, гістарычная каштоўнасць, выселены.

Адсутнічае дом №32 па вуліцы Дзяржынскага, які меў статус гістарычнай каштоўнасці