“Атамныя” спецыяльнасці не папулярныя ў беларускіх абітурыентаў

У Беларусі сёлета з’явіліся першыя спецыяльнасці, закліканыя рыхтаваць кадры для будучай беларускай АЭС. У БНТУ можна было паступаць на “Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый” і на “Будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый”. Аднак конкурс на гэтыя спецыяльнасці аказаўся не вельмі высокім.

На “Паратурбінныя ўстаноўкі”, куды набіраюць толькі на дзённае бюджэтнае аддзяленне, на 27 месцаў падалі дакументы 29 чалавек. З іх трое “сельскіх”, аднаму з якіх належыць самы высокі бал — 350. Самы нізкі бал — 170 — у “гарадскога” абітурыента.

На “Будаўніцтва АЭС” набіраюць 25 чалавек, з іх 5 — на платнае аддзяленне, дзе няма размеркавання. Дакументы сюды падалі 29 чалавек з баламі ад 121 да 310, з іх пяцёра “сельскіх”.