АУНА! Праціўнікам АЭС не далі выступіць у грамадскаіх слуханнях

Пасля заканчэння грамадскіх слуханняў у Астраўцы, прысвечаных папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС, прадстаўніца таварыства "Зялёная сетка" Таццяна Новікава заявіла: "Усе людзі, якія хацелі выступіць і выказвалі думку незалежных грамадскіх арганізацый і партый, не змаглі патрапіць у залу. А з тых, хто патрапіў, змаглі выступіць толькі пяць чалавек. Яны выступалі па чарзе праз кожныя 10 чалавек, якія гаварылі "АЭС — быць".
Паводле Новікавай, усё было вельмі кепска арганізавана: "Фармату і рэгламенту, якога трэба прытрымлівацца, на слуханнях не было. Выступалі людзі, якія гаварылі не па сутнасці, але калі яны гаварылі за АЭС, ім давалі больш часу, калі ж пазіцыя дакладчыка была адваротнай, яго абсвіствалі і перапынялі".

"Не атрымаўшы слова, я вырашыла, што ўсё роўна павінна нешта сказаць публіцы хоць бы таму, што Андрэй Ажароўскі, каардынатар групы "Экозащита" (Масква), быў затрыманы па незразумелых прычынах. Мне давялося гучна і прылюдна патрабаваць слова спачатку ў аргкамітэце, потым у прэзідыуме. Пасля майго выступу, сутнасць якога была ў тым, што калі атамная станцыя настолькі бяспечная, чаму ж тады ў Ажароўскага без усякага пратакола канфіскавалі крытыку аб АУНА, я выйшла з залы, і назад мяне ўжо не ўпусцілі".

БелаПАН