Аўстраліец пакатаўся на бульдозеры: разбіў 3 машыны, зруйнаваў дом (відэа)
Спецтэхніку ён скраў.
48-гадовы жыхар аўстралійскага штата Новы Паўднёвы Уэльс раніцай у панядзелак скраў з тэрыторыі будаўнічага прадпрыемства бульдозер і вырашыў на ім пакатацца. Ралі атрымалася нядоўгім, але запамінальным: мужчына прыгнаў спецтэхніку ў адзін з раёнаў горада Лэйк-Макуоры і раздушыў на ёй тры чужыя аўтамабілі. Затым ён накіраваў бульдозер на жылы дом.
56-гадовая жанчына і яе дочкі 15 і 20 гадоў ледзь паспелі выбрацца адтуль, перш чым бульдозер зруйнаваў іх жыллё.
Паліцыя арыштавала мужчыну і даставіла яго ў пастарунак для допыту. Як заяўляюць праваахоўнікі, жанчына і яе дочкі знаёмыя са зламыснікам, аднак матывы агрэсара невядомыя.
У выніку інцыдэнта ніхто з людзей не пацярпеў, піша dailytelegraph.com.au.


Фота: Dailytelegraph