Аўстраліец прызнаўся ў стварэнні крыптаграфічнай плацёжнай сістэмы Bitcoin
45-гадовы аўстралійскі бізнесмен Крэйг Райт 2 траўня прызнаўся ў стварэнні папулярнай крыптаграфічнай плацёжнай сістэмы Bitcoin. Ён заявіў, што з'яўляецца таямнічым яе стваральнікам "Сатосі Накамота". Пра гэта здагадваліся яшчэ ў 2015-м, але сам Райт не пацвярджаў. Цяпер жа ён прадаставіў і доказы, піша ВВС.
На сустрэчы з журналістамі BBC, GQ і Economist Крэйг Райт падпісаў некалькі паведамленняў крыптаграфічнымі ключамі, створанымі на пачатку распрацоўкі Bitcoin у 2009 годзе. Паводле яго слоў, ён вырашыў раскрыць сваю асобу, каб спыніць спекуляцыі на гэтую тэму, а таксама абараніць людзей, якіх прымалі за "Сатосі Накамота".
Аўстралійскі бізнесмен кажа, што ён не хоча быць публічнай асобай, не хоча ні грошай, ні славы. Для яго важна, каб яго пакінулі ў спакоі.
Адзначым, што сістэма Bitcoin дазваляе праводзіць плацяжы без пасярэднікаў. Пры гэтым інфармацыя пра іх абараняецца і шыфруецца за кошт вылічальных магутнасцяў камп'ютараў, уладальнікі якіх зарабляюць на гэтым грашовыя адзінкі — біткойны. Сістэма не мае галоўнага адміністратара, ёй не кіруе ні дзяржава, ні прыватная асоба, а аб’ём выпуску новых грашовых адзінак вядомы загадзя, адзначае Радыё Свабода.
На сённяшні дзень біткойнамі можна разлічыцца за шматлікія тавары і паслугі ў інтэрнэце. У абароце знаходзіцца больш за 15 мільёнаў біткойнаў. Адзін з іх каштуе прыкладна 449 долараў. Лічыцца, што стваральнік Bitcoin павінен мець каля 1 млн біткойнаў (440–450 млн долараў).