Аварыю ў Быхаве плануюць выправіць да канца працоўнага тыдня

Аднаўленчыя працы вядуцца кругласутачна, кажа старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Калееў. Як паведамляла Еўрарадыё, аварыя адбылася на выходных.  



Ваду да прыватнага сектару, які быў падключаны да гэтай часткі калектара, пусцілі па абводным крузе. Як сцвярджае БЕЛТА, гараджане практычна не адчулі на сабе камунальных нязручнасцяў. Толькі ў некаторых хатах напор вады стаў слабейшым. На ўсякі выпадак у горадзе паставілі дзве рэзервовыя бочкі з вадой, а дзіцячыя ўстановы забяспечылі аднаразовым посудам і бутыляванай вадой. На месцы прарыву спецтэхніка ў кругласутачным рэжыме адпампоўвае каналізацыйныя сцёкі.



Па словах быхаўчан, працу ўскладняе тое, што трубы ляжаць на глыбіні каля 8 м — патрэбна адмысловая тэхніка і абсталяванне.



Забруджвання навакольнага асяроддзя ў выніку аварыі не адбылося. Якасць пітной вады ў Быхаве — на спецкантролі санітарных службаў.



Фота — mchs.gov.by