Авербух звінаваціў у зрыве "Ледніковага шоў" арганізатараў

Заключнае шоў у рамках міжнароднага турнэ "Ледніковы перыяд. Найлепшае" ў Мінску было перанесенае па віне беларускіх арганізатараў. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар кампаніі "Лядовая Сімфонія" Ілля Авербух, піша БелаПАН. Шоў было перанесена з 12 красавіка на 3 траўня ў сувязі з тым, што мінская кампанія "Арт-клуб" не выканала абавязанні, прадугледжаныя кантрактам. Авербух адзначыў, што праблемы не вырашаныя дагэтуль - арганізатары не выплацілі ганарары спартоўцам, якія ўдзельнічаюць у шоў. Пры гэтым, па словах фігурыста, яны не гарантуюць выканаць гэтую ўмову да моманту правядзення шоў.

Авербух папрасіў прабачэння ў гледачоў за вымушаны  перанос лядовага шоў. Ён падкрэсліў, што шоў 3 траўня не будзе адмененае. Авербух толькі папрасіў гледачоў прыйсці на шоў загадзя: на ўваходзе пройдзе перарэгістрацыя квіткоў, каб даведацца, колькі іх было прададзена і па якім кошце.