Бабруйчане спраўляюць дзень венеролага без спіртнога

19 лютага ў Бабруйску праводзіцца адразу некалькі кампаніяў: гарачая лінія суддзяў, КДК і выканкаму, Дзень цвярозасці, Дзень венеролага, Дзень інфармавання пра беспрацоўе. 19 лютага ад 8-ай раніцы можна паведамляць пра факты карупцыі, хабарніцтвы, крадзяжу і бюракратызму па тэлефоне даверу Камітэта дзяржкантролю.

Пажаліцца на нетактоўныя паводзіны, грубіянства, бяздзейнасць камунальнікаў Першамайскага раёна можна па адмысловым тэлефоне даверу 19 лютага ад 9-й раніцы.

У гонар Міжнароднага дня прафілактыкі полавых інфекцый на жывой тэлефоннай лініі ад 10 да 12 будуць дзяжурыць загадчык скурвендыспансэра Аляксандр Клімовіч, загадчыца жаночай кансультацыяй №2 Ірына Сіманенка і псіхолаг цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дзіна Сенчурава.

Таксама пройдзе Адзіны дзень інфармавання на тэму "Беспрацоўе і занятасць у Рэспубліцы Беларусь".



Пасляабедзенны час бабруйчане і госці горада таксама могуць прабавіць з карысцю.
Ад 15-00 да 16-00 адбудзецца жывая лінія з намесніка старшыні суда Бабруйскага раёна і Бабруйска Сяргея Петухова і суддзі Марыны Шалягінай. Служкі Фэміды раскажуць пра маёмасныя спрэчкі і заключэнне дамоваў.

І нарэшце, 19 лютага – Дзень цвярозасці ў Бабруйску. Аб правядзенні гэтае акцыі бабруйчане даведаліся толькі ўчора – з гарадскіх газет.

Тым жа, хто захоча адпачыць культурна, за 500-1500 рублёў прапануецца экспазіцыя "Вялікая Айчынная вайна" у краязнаўчым музеі або экспазіцыя 4 тыс. акварыюмных рыбак у Выстаўнай зале.

На здымку: Адзін з Адзіных Дзён інфармавання ў Магілёўскай вобласці.

РэгіёныBY