Бабруйскі хакейны клуб "Шыннік" ліквідуюць або перавядуць у МХЛ
Завод “Белшына” вырашыў больш не фінансаваць каманду.
Бабруйскі хакейны клуб “Шыннік” будзе ліквідаваны або пераведзены ў Моладзевую хакейную лігу. Пра гэта Еўрарадыё распавёў начальнік каманды Яўген Навічэнка.
“Хутчэй за ўсё расфармаваны будзе. Але, магчыма, вырашыцца пытанне ўдзелу ў МХЛ. Удзел у беларускай Экстралізе пад пытаннем, гэта будзе вырашацца ў Федэрацыі хакея у бліжэйшы тыдзень ці паўтара”.
Вялікіх дасягненняў у "Шынніка" не было, таму спонсар клуба – ААТ “Белшына” сур'ёзна разважала пра неабходнасць фінансаваць яго. Урэшце сёлета прадпрыемства зрабіла выбар: фінансаваць футбольную “Белшыну” і адмовіцца ад “Шынніка”.
Гэты выбар аспрэчваць цяжка. ФК “Белшына” мае адзін з самых малых бюджэтаў па краіне (1,6 млн долараў), але пры тым – 3 кубкі Беларусі (1997, 1999, 2001), чэмпіён краіны – 2001, бронзавы прызёр (1996, 1998), срэбны прызёр (1997). А вось ХК “Шыннік” знаходзіцца ў самым нізе турнірнай табліцы 19-га Адкрытага чэмпіянату Беларусі.
Праўда, без хакею бабруйчане наўрад ці застануцца. Ёсць вялікая верагоднасць, што на “Бабруйск-Арэне” прапішацца мінскае “Юнацтва”. “Бабруйск-Арэна” стане іх хатняй пляцоўкай у выпадку, калі каманду прымуць у КХЛ.