"Бацька" першага дзіцяці з прабіркі атрымае крыху больш за мільён еўра

У Стакгольме ўручылі першую сёлета Нобелеўскую прэмію ў галіне медыцыны і фізіялогіі.  

Яе атрымаў "бацька" першага дзіцяці з прабіркі, брытанец Роберт Эдвардс. Напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя ён распрацаваў тэхналогію экстракарпаральнага апладнення. Першае дзіця, зачатае такім чынам, з'явілася на свет у Брытаніі ў 1978 годзе. За сваё адкрыццё Эдвардс атрымае 10 мільёнаў шведскіх крон - гэта крыху больш за мільён еўра.

На гэтым тыдні будуць аб'яўлены лаўрэаты прэстыжнай узнагароды па фізіцы, хіміі і літаратуры. Стане вядома і імя ўладальніка Прэміі міру. Завершыцца нобелеўскі тыдзень у наступны панядзелак. У гэты дзень будзе апублікавана імя пераможца ў намінацыі "эканоміка", паведамляе Белтэлерадыёкампанія.