Бацька зніклага беларуса заплаціў крымскім выратавальнікам за верталёт

Аднак Аляксандр Волк лічыць, што яго сына дрэнна шукалі, і ў хуткім часе разам з беларускімі праваахоўнікамі паедзе ў Крым, каб аднавіць пошук. Днямі з Крыму вярнуўся бацька зніклага мінчука Арсенія Волка, які разам з роднымі і сябрамі хлопца вялі альтэрнатыўны пошук. Нагадаю, 6 жніўня ў 18 гадзін ён пайшоў прагуляцца ў горы і не вярнуўся. Інфармацыю, што крымская міліцыя прыклала ўсе намаганні, каб знайсці Арсенія, бацька абвяргае. Ён нават заплаціў за вылет пажарнага верталёта і наняў інструктара, каб прайсціся па ўсіх горных сцежках.

Аляксандр Волк: Скажам шчыра, што папер яны напісалі шмат. А рэальна? Тое, што я бачыў, і тое, што мне давялося праверыць, – там яны не дайшлі, з тым яны не паразмаўлялі, таго не зрабілі. Крымская міліцыя “шукала” і пісала так шмат, што прычапіцца немагчыма. Нават склалі план мерапрыемстваў, што яны зрабілі, а што плануюць. Але магу сказаць адназначна: шукалі яны яго дрэнна.

Інфармацыя, якая з’яўлялася ў СМІ, была вельмі супярэчлівай: то хлопца знайшлі, то яго бачылі непадалёк, а адзін журналіст нават выказаў думку, што Арсеній “сядзіць недзе і збоку сочыць за гэтай сітуацыяй”. Такія матэрыялы бацьку Аляксандра Волка абуралі.

Аляксандр Волк:. У газетах пісалі і па тэлевізары перадавалі, што ён знайшоўся. Званілі мне, віншавалі, а яго не знайшлі на самой справе. Разумееце, толькі нервы падымалі родным людзям і ўсім астатнім.

Зараз упраўленнем дазнання ГУУС Мінгарвыканкаму распачата крымінальная справа. Яшчэ два дні таму сталічныя праваахоўнікі абяцалі Еўрарадыё даць поўную інфармацыю, як будзе арганізаваны пошук, але сёння ва ўпраўленні нічога не каментуюць. Ніхто хлопца не бачыў, і ніякіх слядоў няма. Адзінае, што сказала намесніца начальніка упраўлення дазнання Валянціна Нябрак, у хуткім часе будзе арганізавана камандзіроўка беларускіх праваахоўнікаў у Крым, і з імі паедзе бацька Арсенія.

Валянціна Нябрак: Гэта не тое што тупіковая сітуацыя, проста рабіць трэба. З СМІ можна размаўляць тады, калі ёсць аб чым. Пакуль толькі распачата крымінальная справа.

Фота — commons.wikimedia.org