Барадачы ZZ Top выдадуць альбом і DVD

Басіст амерыканскага гурта ZZ Top Дасці Хіл пад час інтэрв’ю штотыднёвіку Billboard заявіў, што музыкі калектыву працуюць над песнямі для новага альбому. Пакуль што ў тэхаскага рок-трыо няма ніводнага кантракту з гуказапісваючымі лэйбламі, але яны ўжо сачынілі больш за пяцьдзесят новых кампазіцый. 58-гадовы музыка сказаў што “не ведае, калі выйдзе новы дыск, але хутчэй новыя песні можна будзе пачуць на канцэртах, чым на альбоме”.

Музыка прызнаўся, што “за шматлікія гады назбіралася некалькі сотняў музычных ідэй, але ніводная з іх яшчэ не скончаная, таксама як і 50 новых песень. Проста ZZ Top вельмі марудны гурт, які цалкам дароблівае адну песню прыблізна за 25 год, і калі штосьці выдаецца, то гэты факт адразу пужае ўсіх музыкаў”. Дасці Хіл паведаміў таксама пра планы выдаць канцэртны DVD, які здымуць і запішуць летам у Еўропе.

Нагадаю, што гурт ZZ Top быў заснаваны ў Х’юстане з 1970 годзе. Дэбютны альбом, “ZZ Top's First Album”, выйшаў у тым жа годзе. З тых часоў рок-калектыў запісаў яшчэ 14 дыскаў, апошні з якіх, “Mescalero”, з’явіўся ў красавіку 2003 і дасягнуў 57-га месца ў хіт-парадзе Billboard 200.

Фота: www.yourradioplace.com