Баранавіцкія чыноўнікі ўявілі сябе вайсковымі начальнікамі

У Баранавічы для ўдзелу ў комплексных вучэннях "Восень-2008" прыляцелі расійскія знішчальнікі. Па чыгунцы ў рэгіён перамяшчаецца баявая тэхніка з іншых гарнізонаў Беларусі.
І хаця асноўны падзеі пачынаюцца ў сераду ў Івацэвіцкім раёне на палігоне Даманава, да вайскоўцаў Баранавіцкага гарнізона ўпершыню за ўсю гісторыю савецкага і постсавецкага часу вырашылі звярнуцца праз СМІ старшыні гарвыканкаму і гарадскога савету дэпутатаў.

Зварот вытрыманы ў пафасным стылі былых часоў на ўзроўні як мінімум камандуючага Чырвонасцяжнай Беларускай акругай. "Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры! Беларуская армія была і застаецца плоццю ад плоці народнай, — гаворыцца ў звароце.  — Мы перакананыя ў тым, што падчас правядзення вучэнняў вы пакажаце свае лепшыя якасці".

Асобна кіраўніцтва горада звярнулася да тых, хто прызваны з запасу. Чыноўнікі чакаюць, што запаснікі будуць трывала пераносіць усе цяжкасці і нягоды паходна-палявых абставінаў. Зварот невыпадковы — на вучэнні пад Баранавічы павінен прыехаць кіраўнік дзяржавы.

А яшчэ плануецца перакрыць на нейкі час аўтастраду Брэст-Мінск, на якую будуць сядаць самалёты. таксама ў сувязі з вучэннямі з 15 па 21 кастрычніка будзе абмежаваны рух транспарту ў раёне населенага пункта Грабавец. Пра гэта праз СМІ таксама паведамілі насельніцтву.