Барыс Кучынскі: Абяцалі падвезці да пошты, а завезлі ў КДБ

Ён адсядзеў 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі 19 снежня ў Мінску і толькі вярнуўся ў свой горад.

Як распавёў Барыс Кучынскі ў жывым эфіры Еўрарадыё, сёння раніцай яму патэлефанавалі з КДБ і прапанавалі зайсці да іх. Ён запатрабаваў позву. Яе паабяцалі прывезці. Калі ж позву прывезлі, Кучынскі сказаў, што яму трэба зайсці на пошту. Супрацоўнік КДБ прапанаваў, што яго могуць падвезці, а пасля зачыніў у машыне і адабраў мабільны тэлефон.

Барыса Кучынскага прывезлі ў КДБ, дзе з ім размаўляў начальнік мясцовага аддзела. Ні ён, ні супрацоўнікі, якія праводзілі затрыманне, не прадставіліся. У актывіста распытвалі пра яго знаходжанне ў сталіцы, пра ўдзел у вулічнай акцыі пратэсту. Кучынскі кажа, што размова з ім была "не зусім карэктнай", яго нават назвалі "бандытам".

Барысу Кучынскаму паведамілі, што пакуль ён не патрапляе пад крымінальную адказнасць, але папярэдзілі, што ўсё яшчэ можа змяніцца.