Басіст гурта Korn выдае джаз-фьюжн-фанк альбом

Басіст гурта Korn Рэджынальд "Філдзі" Арвізу (Reginald Arvizu) амаль скончыў працу над новым сольным альбомам.  Кружэлка "Bassically" стане ўжо другой у яго сольнай дыскаграфіі. Дакладная дата яе рэлізу пакуль невядомая, але Філдзі абяцае не зацягваць з выпускам дыска.

Цікава, што сам музыка папярэджвае аматараў цяжкага року, каб тыя лепш не слухалі "Bassically" - каб пазбегнуць магчымага расчаравання. Маўляў, альбом "падобны на джаз-фьюжн-фанк і нават нью-эйдж. Там намяшана шмат розных стыляў. Калі я толькі вучыўся граць на бас гітары, я слухаў мноства дыскаў - джазмэна Стэнлі Кларка і іншыя рэчы такога плану, - тлумачыць Філдзі. - Я не жадаю нікога падманваць і адкрыта кажу - гэты альбом зусім не цяжкі. Проста не марнуйце свой час і грошы, калі чакаеце ад яго штосьці традыцыйна цяжкае ў стылі Korn".

На дыск трапяць 13 трэкаў, запіс 11 з якіх ужо скончаны. Нагадаем, што дэбютны сольнік Філдзі "Rock'n Roll Gangster" быў выдадзены ў 2002 годзе.

Фота: mtv.com