Баскетбалісткі зборнай Беларусі пачалі падрыхтоўку да чэмпіянату Еўропы

Баскетбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі 4 траўня пачалі заключны навучальна-трэніровачны збор перад чэмпіянатам Еўропы. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера нашай дружыны Анатоля Буяльскага ў Мінску цяпер трэніруюцца 16 спартовак. Большасць кандыдатак на паездку ў Латвію, дзе адбудзецца кантынентальнае першынство, два гады таму ў Італіі заваявалі бронзавыя ўзнагароды чэмпіяната Еўропы — 2007.

Акрамя трэніровак у Мінску і Стайках, паведамляе БЕЛТА, беларускія баскетбалісткі правядуць некалькі кантрольных сустрэч. З 22 па 24 траўня ў Стамбуле яны згуляюць з камандамі Турцыі, Іспаніі і Польшчы. Затым яшчэ двойчы, 30 і 31 траўня ў Гдыні зноў сустрэнуцца з польскімі спартоўкамі.

Ад'езд у Латвію прызначаны на 5 чэрвеня. У рамках папярэдняга этапу еўрапейскага першынства беларускі (група D) у горадзе Валміера згуляюць з камандамі Ізраіля (7 чэрвеня), Францыі (8 чэрвеня) і Італіі (9 чэрвеня).