БАЖ і Мінюст сёння ўпершыню сустракаюцца ў судзе

Першая сустрэча ў Вярхоўным судзе пройдзе сёння паміж прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Міністэрства юстыцыі. Пра гэта Еўрарадыё расказаў намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец. Андрэй Бастунец: “Гэта будзе пасяджэнне падрыхтоўчае, яшче не будзе па сутнасці вырашацца справа. Суддзя павінен удакладніць пазіцыі бакоў – ці не змяніліся яны. Высветліць, ці не будзе патрэбна сведак выклікаць ці доказы нейкія прадставіць. Магчыма, прапануе міравое пагадненне заключыць бакам”.

Праўда, па словах юрыста, яму цяжка ўяўвіць, якое ў такой сітуацыі можа быць міравое пагадненне. І таму БАЖ будзе настойваць на поўнай адмене ўсіх прэтэнзій Мінюсту да грамадскага аб’яднання журналістаў.

З боку БАЖ на сустрэчы будуць прысутнічаць старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, юрысты Андрэй Бастунец і Міхаіл Пастухоў. Хто будзе прадстаўляць Мінюст – не вядома.

Нагадаем, што Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да арганізацыі — датычна сяброўскага пасведчання, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і наогул мэтаў і задач БАЖ. Папярэджанне БАЖ падпісаў 13 студзеня намеснік міністра Аляксандр Сіманаў. Скаргу на вынесенае папярэджанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала ў Вярхоўны суд 11 лютага.