BBC папрасіла прабачэння ў гледачоў за Мадонну

Нецэнзурныя выказванні Мадонны падчас яе нядаўняга выступу на музычным фэсце Radio One's Big Weekend у графстве Кент выклікалі абурэнне брытанцаў.  Карпарацыя Бі-Бі-Сі атрымала сотні скаргаў ад гледачоў і была вымушаная папрасіць прабачэння за паводзіны спявачкі.

Выступ Мадонны ў падтрымку яе новага альбома Hard Candy трансляваўся ў прамым эфіры радыёстанцыі Radio One і тэлеканала BBC Three.

Пасля таго, як спявачка, збіраючыся выканаць песню Hung Up, у сваім звароце да натоўпу фанатаў двойчы ўжыла брыдкаслоўныя выразы, трансляцыю суправадзілі цітрамі з папярэджаннем.

Акрамя таго, каментатар шоў у эфіры Radio One ды-джэй Зэйн Лоў папрасіў прабачэння перад слухачамі за паводзіны Мадонны. Аднак усе гэтыя захады не выратавалі Бі-Бі-Сі ад нападу з боку гледачоў.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі Мадонна, якая не саромеецца ў выразах, дастаўляе непрыемнасці Бі-Бі-Сі. Так, у 2007 годзе карпарацыі давялося прыносіць прабачэнні за лаянку спявачкі падчас трансляцыі канцэрту Live Earth.

Фота:  www.dailymail.co.uk