Beatallica выдае дэбютны альбом

Амерыканскі гурт Beatallica, які пачаў сваю кар’еру з арыгінальнага прыкола выконваць песні The Beatles у стылі Metallica, гатовы сур’ёзна заявіць пра сябе. Пасля трох год актыўнай гастрольнай дзейнасці чацвёрка з Мілуокі анансавала выпуск свайго дэбютнага альбому. Кружэлка з мудрагелістай назвай «Sgt. Hetfield's Motorbreath Pub Band» з’явіцца ў амерыканскіх музычных крамах ужо 10 ліпеня. На дыск трапіла 13 кампазіцый з назвамі-мутантамі кшталту «Blackened In The U.S.S.R.», «Leper Madonna» і «A Garage Dayz Nite», які шмат што гавораць кожнаму прыхільніку «Бітлз» і Metallica.

Як высветлілася, музыкі не выдавалі альбом раней, бо кампанія Sony забараніла карыстацца матэрыялам Metallica. Аднак у 2005-м годзе пры дапамозе бубнача калектыву Ларса Ульрыха, які захапіўся творчсцю Beatallica, праект атрымаў магчымасць карыстацца каталогам сваёй «цёзкі».

Дадам, што не толькі музыка калектыву робіцца на спалучэнні The Beatles і Metallica, але і псеўданімы музыкаў таксама. Называюць яны сябе Джэймс Ленфілд, Гірг Хэмэтсан, Кліф МакБартні і Рынга Ларс.

Фота: www.esquizopedia.com