Беглы беларускі салдат просіць у Расіі прытулку

Беглы беларускі салдат просіць у Расіі прытулку. Дапамагаць яму ў гэтым будзе Мурманскі камітэт салдацкіх маці, паведамляе сайт ags.by. Нагадаем, 1 лістапада ў Мурманску быў арыштаваны беглы салдат беларускай арміі Аляксандр Трубнікаў, які ў траўні 2010 года ўцёк з вайсковай часткі ў Беларусі і з'ехаў у Расію да сваякоў. У дадзены момант беларускі бок чакае ад Генеральнай пракуратуры Расіі дазволу на экстрадыцыю. У выпадку, калі віна салдата будзе даказаная, Трубнікаву пагражае ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Аднак, прадстаўнік арганізацыі салдацкіх маці Мурманска Ірына Пайкачава лічыць, што справа патрабуе больш дэталёвай прапрацоўкі. Паводле яе слоў, у войску Трубнікаў сутыкаўся з нестатутнымі адносінамі з боку стараслужачых, а ўмовы службы былі не сумяшчальныя з станам яго здароўя. Яна мяркуе, што Расія павінна даць Трубнікаву прытулак, а не выдаваць Мінску.