Беларусь абмяжуе экспарт цэменту

У 2011 годзе экспарт беларускага цэменту будзе абмежаваны. Пра гэта, паводле інфармацыі БелаПАН, паведаміў начальнік упраўлення замежнаэканамічнай дзейнасці Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Валеры Кошлаў. Па яго словах, сітуацыя з цэментам на ўнутраным рынку не дазваляе ў дастатковай ступені ажыццяўляць экспарт гэтай прадукцыі. Асноўны аб'ём цэменту спажываецца ў Беларусі, і нават частку аб'ёму краіна імпартуе. Па яго словах, у будучым годзе сітуацыя не зменіцца. Невялікі экспарт цэменту будзе весціся толькі для падтрымкі еўрапейскага сертыфікату якасці.

Чыноўнік адзначыў, што экспарт беларускага цэменту будзе магчымы пасля завяршэння будаўніцтва трох цэментавых заводаў на базе цяперашніх прадпрыемстваў. Два з іх будуць уведзеныя ў эксплуатацыю да канца 2011 года, трэці — у 2012 годзе.