Беларусь адмовілася прымаць чартарныя рэйсы “Turkish Airlines”?
Напярэдадні турыстычнага сезона Беларусь і Турцыя ізноў дзеляць паветраную прастору і турыстаў.
Агенцтва фінансавых навінаў паведамляе,
што 26 красавіка самалёту “Turkish Airlines”, які здзяйсняў першы чартарны рэйс
паміж Анталіяй і Мінскам, не дазволілі пасадку ў беларускай сталіцы.
Борт быў вымушаны шукаць пасадачную паласу ў Маскве. Пасажыраў давялося везці ў Мінск на аўтобусах.
У сваю чаргу, па звестках “АФН” Турцыя адмовілася прымаць рэйсы “Белавія” па прынцыпе ўзаемнасці.
Канфлікт паміж авіякампаніямі пачаўся ў чэрвені 2005 года. Авіяцыйнае ведамства Турцыі ва ўльтыматыўнай форме прапанавала Беларусі ў тэрміновым парадку выдаць дазвол на чартарныя палёты з Анталіі ў Мінск турэцкай кампаніі "Turkish Airlines". У адваротным выпадку, турэцкі бок прыстрашваў ануляваць аналагічны дазвол НАК "Белавія".
Зразумела, што “Белавіі” хацелася б застацца адзінай авіякампаніяй, паслугамі якой турысты маглі б скарыстацца для бесперасадачнага трансферу з турэцкага курорту. Адсутнасць канкурэнцыі ў гэтай галіне з турэцкага боку дазваляла б беларускай кампаніі дыктаваць аматарам адпачынку на турэцкім баку Міжземнамор’я.
Рэйсы “Turkish Airlines” у Анталію наўпрост з Мінску і наадварот павінны былі б стаць для турыстаў таннай альтэрнатывай трансферу з ці ў Турцыю праз Маскву. Да таго ж, падарожжы з перасадкай задавальняе далёка не ўсіх турыстаў – асабліва з ліку тых, хто вандруе з дзецьмі.
Па звестках “АФН”, бакі вядуць напружаныя перамовы. Інфармацыю пра гэта пацвердзілі ў дэпартаменце па авіяцыі Міністэрствы транспарту і камунікацый. Амбасада Турцыі ў Беларусі таксама прызнала, што ёсць тэхнічныя праблемы паміж авіякампаніямі двух краін. Зараз вядуцца перамовы, і ў амбасадзе спадзяюцца на станоўчае вырашэнне дадзенага пытання цягам выходных.
Фота: http://www.luftfahrt.net/